03.06.2016 Чытанне для роздуму

На самым пачатку школьных канікул дзецям не даў засумаваць фестываль дзіцячага чытання «Пусть всегда будет солнце!» у сталічнай дзіцячай бібліятэцы No 4, праведзены сумесна з Выдавецкім домам «Звязда». Распачаўся ён прэзентацыяй дзіцячых кніг пісьменніцы Яны Явіч «Уцёна хоча ведаць» і «Самыя кветкавыя сны», якія прадставіла сама аўтарка.
Супрацоўнікі кніжніцы на чале з загадчыцай Наталляй Отчэскай ператварылі бібліятэчны інтэр’ер і прылеглую тэрыторыю ў творчую майстэрню. Тут працавала шмат фестывальных пляцовак, дзе сваімі рукамі можна было і стварыць хатні абярэг — ляльку-куватку, і скласці арыгамі, а яшчэ — паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на асфальце, паглядзець выстаўку «Свет лялек», кніжную экспазіцыю, прысвечаную рукадзеллю, набыць дзіцячыя кнігі, што пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда»... Такія кніжныя фэсты будуць ладзіцца яшчэ неаднойчы!
➢ «Дарожнай мудрасцю багаты, / прыйшоў да думкі чалавек: / Усе шляхі вядуць дахаты, / Выток шануючы спрадвек». Лірыка Уладзіміра Мазго — вытанчаная, пранікнёная, роздумная... Сам паэт вылучае ва ўласнай творчасці тры асноўныя кірункі: паэзія, дзіцячая літаратура і песенная творчасць. Гэтым разам Уладзімір Мазго, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», старшыня бюро секцыі дзіцячай літаратуры СПБ, стаў галоўным героем новай пастаноўкі Мінскага гарадскога тэатра паэзіі ў Цэнтральнай мінскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, якім кіруе старшыня Мінскага гарадскога
аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Уладзімір Мінавіч з цёплынёй узгадаў людзей, якія пайшлі з жыцця, але адыгралі вялікую ролю ў яго лёсе: выкладчыцу БДУ Маргарыту Яфімаву, кіраўніка ўніверсітэцкага літаб’яднання «Узлёт» Алега Лойку,
эстраднага спевака Якава Навуменку, кампазітара Уладзіміра Будніка...
Са сцэны прагучалі вершы Уладзіміра Мазго ў выкананні артыстаў эстрады Вольгі і Адрыяна Багушыньскіх. Песні на вершы творцы выканалі спявак Леанід Нікольскі і кампазітар Алег Елісеенкаў.
➢ У апошнія дні навучальнага года «Урок мужнасці», прымеркаваны да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, для школьнікаў правялі сталічныя творцы, якія завіталі ў літаратурную гасцёўню «Сугучча» на базе СШ No 77 з музычным ухілам.
Настаўніца беларускай мовы і апякунка краязнаўчага школьнага музея Любоў Клімовіч ды галоўны спецыяліст Мінскага гарадскога аддзялення СПБ паэтэса Іна Фралова ўдала спалучылі літаратурную частку з тэматычнай відэапрэзентацыяй і музычнымі нумарамі.
Ніна Галіноўская прадставіла школьнікам сваю кнігу «Няма даравання вайне» з серыі «Дзеці вайны» выдавецтва «Чатыры чвэрці». З гэтай жа серыі — і кніга Міколы Чарняўскага «На плошчы памяці маёй».
Пра творчую спадчыну паэтаў-франтавікоў нагадала загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка. А завяршылася імпрэза вершамі паэтэсы Аліны Легастаевай у аўтарскім выкананні.
ЛіМ", 2016, 3 чэрвеня
Дзіна ДОЛЬСКАЯ