ЦЕНТРАЛИЗОВАННАЯ СИСТЕМА ГОСУДАРСТВЕННЫХ ПУБЛИЧНЫХ БИБЛИОТЕК Г.МИНСКА

24.05.2018 Паэты, яднайцеся!

14 мая мінская бібліятэка-філіял № 5 гучала, поўнілася вершамі – там адбылася сустрэча паэтаў літаратурнага клуба, напрыканцы мінулага года створанага пры студыі «Палітра радасці» Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Гэта быў бадай што першы выхад літаратурнай суполкі ў свет, але плануецца, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.
    Загадчык установы Алена Паўлаўна Калейнік распавяла, што традыцыі сустрэчаў з пісьменнікамі ў бібліятэцы даўнія, і вось яны атрымалі новы працяг. Адною (але не адзінай!) з тэмаў сустрэчы стаў нядаўні Дзень Перамогі. Абысці яго ўвагай было б няправільна ды і, бадай, немагчыма – бо вайна зачапіла без перабольшвання кожную сям’ю, падкрэсліла Алена Паўлаўна.
    Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Цімафееўна Калмыкова расказала пра тое, як узнікла гэтая літаратурная суполка:
– Мы стварылі свой паэтычны клуб у межах студыі «Палітра радасці». Першапачаткова гэта было аб’яднанне мастакоў, потым да яго далучыліся майстры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а вось цяпер – і паэты. Узначаліць клуб згадзіўся сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Дубянецкі, – яго вершы і адкрылі сустрэчу. Людміла Калмыкова чытае вершы Галіны Кананчук.
    – Мы не першапраходцы ў стварэнні клуба, – заўважыла Людміла Цімафееўна. – Літаратурнай студыяй «Пролог» некалі кіраваў Уладзімір Варшанін, з празаікамі працаваў Анатоль Маісееў, з паэтамі – Лізавета Палеес. Рыгор Галіцкі шмат гадоў быў рэдактарам літаратурна-мастацкага і публіцыстычнага часопіса «Окно». Але, на жаль, сыходзяць людзі, а з імі разам сыходзіць і іх праца. Таму мы і вырашылі стварыць пры Мінскай гарадской арганізацыі літаратурны клуб. Але мэта яго – не толькі згуртаваць здольных паэтаў, але і звязаць людзей моцнымі нітачкамі шчырасці і сяброўства.
    – Часам людзі забываюць, што стасункі з іншымі – адна з найгалоўных радасцей жыцця, – пашкадавала Людміла Калмыкова. – Я рада, што сёння на нашай сустрэчы прысутнічаюць не толькі сябры клуба, але і зацікаўленыя іх творчасцю. Мы даўно казалі – а цяпер гэта ўжо на дзяржаўны ўзровень вынесена – пра неабходнасць стварэння інклюзіўнага грамадства, дзе кожны чалавек адчувае сябе роўным незалежна ад сваіх асаблівасцяў. Вельмі цяжка ідзе гэты працэс, мы ж у сваю чаргу стараемся рабіць нашае грамадства інклюзіўным праз творчасць, спорт і г.д. Магчымасць ствараць не залежыць ад стану здароўя, можа быць, якраз наадварот – чалавек з інваліднасцю, як я ўяўляю, часам бывае больш паглыбленым.
    Нібыта ў пацвярджэнне гэтых словаў Людміла Цімафееўна распавяла пра паэтку Галіну Кананчук – думаю, пастаянным чытачам нашай газеты яна знаёмая, бо яе вершы не аднойчы друкаваліся на паэтычнай старонцы.
    – Галіну я ведаю амаль столькі ж, колькі працую ў Беларускім таварыстве інвалідаў – больш за 27 гадоў. У яе ДЦП у цяжкай форме, але яна адкрыла ў сабе талент пісаць вершы. Нядаўна выйшла кніга яе вершаў «Путь мой – земной». На жаль, сама Галіна не змагла прысутнічаць на сённяшняй сустрэчы, для яе гэта вельмі складана.
Аднак былі вершы Галіны, якія прачытала Людміла Калмыкова і якія, відаць, уразілі слухачоў да глыбіні душы.
    Алена Кошкіна.
    Сапраўдным адкрыццём для мяне стала паэтка Алена Кошкіна. Вось што яна распавяла пра сябе:
    – Па адукацыі я фізік. Цяпер працую ў хоспісе, дзе падоўгу жывуць людзі, якія цяжка хварэюць. Часам яны зноў прыходзяць да нас, часам выздараўліваюць і вяртаюцца дадому. Але якая моц духу ў людзей, якія сур’ёзна хварэюць! Яна накіраваная ў заўтра, нават калі гэтае заўтра не для сябе, а для іншых. Праца і стасункі з людзьмі навучылі мяне не дазваляць сабе стамляцца. У Франца Шуберта ёсць музычны цыкл «Зімовы шлях», і там – фрагмент пра блукаючы агеньчык, які не мог дазволіць сабе згаснуць, бо некаму ён паказваў нешта важнае… – адзін з вершаў паэткі быў акурат пра гэты блукаючы агеньчык.
Лізавета Палеес коратка згадала час, калі разам з мужам Анатолем Маісеевым працавала ў літаратурнай студыі «Крыніца»: ён займаўся секцыяй прозы, яна – секцыяй паэзіі. І, канешне, чытала вершы – пра мужа, сябе, горад свайго ранняга дзяцінства Магілёў і многае іншае.
    Валянціна Якіна.
    Валянціна Якіна расказала пра сваю сям’ю:
    – Сваякі перадалі мне здымак, які некалі пасылаў ім мой бацька, калі быў у шпіталі ў 1949 годзе. Праз некалькі месяцаў тата памёр… Калі я пачала пісаць вершы, я выліла ў іх свой боль аб тым, што мне заўсёды не хапала бацькі, яго падтрымкі і абароны. Няхай бы ён быў у інваліднай калясцы, без ног, без рук – я і тады б адчувала яго падтрымку! – па ўсім відаць, што той боль застаўся з жанчынай да сёння. Гэта можна было зразумець па тым, з якім унутраным напружаннем яна чытала верш, прысвечаны бацьку.
Рыгора Бяспалага нашыя чытачы, думаю, памятаюць па яго пранікнёных вершах, прысвечаных матулі. Адзін з іх прагучаў і пад час сустрэчы.
Ганна Прыёмка распавяла, што ў яе і слыннага паэта Ніла Гілевіча адна малая радзіма – вёска Слабада на Лагойшчыне. Ці не гэта натхніла жанчыну на творчасць? Бо, як сама яна расказала, вершы пачала пісаць толькі пару гадоў таму. Зрэшты, вершамі не абмяжоўваецца – піша і празаічныя творы.
    Скончылася ж сустрэча на вельмі радаснай ноце: так супала, што акурат тады святкавала дзень нараджэння Наталля Казакевіч, і ў яе адрас гучалі шчырыя віншаванні – у тым ліку і паэтычныя.
    А вершы, што гучалі пад час сустрэчы, і не толькі іх, вы можаце прачытаць на нашай паэтычнай старонцы.
 

"Вместе", 2018, май

Ніна Казленя
 

| июль 2018 | июнь 2018 | май 2018 | апрель 2018 | сентябрь 2017 | апрель 2017 | март 2017 | февраль 2017 | ноябрь 2016 | сентябрь 2016 | июль 2016 | июнь 2016 | май 2016 | апрель 2016 | март 2016 | февраль 2016 | январь 2016 | декабрь 2015 | ноябрь 2015 | октябрь 2015 | сентябрь 2015 | июль 2015 | июнь 2015 | май 2015 | апрель 2015 | февраль 2015 | январь 2015 | декабрь 2014 | ноябрь 2014 | октябрь 2014 | июнь 2014 | май 2014 | апрель 2014 | март 2014 | февраль 2014 |
Поделитесь с друзьями:
СПЕЦИАЛИСТАМ
Насколько часто вы посещаете библиотеку?
Раз в год
Раз в месяц
Каждый выходной
Никогда
Авторизация
Имя пользователя

Пароль

Войти

Забыли пароль?       Регистрация