26.06.2015 Вайна ў эпізодах

У бібліятэцы No 14 імя Францішка Багушэвіча ўзгадалі дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны літаратурнай сустрэчай «Я раскажу вам пра вайну...». Літаратуразнаўца Міхась Тычына прэзентаваў сваю кнігу «Народ і вайна», у якой разглядаюцца творы беларускай літаратуры, прысвечаныя ваеннай тэме. На першым плане — творчасць Васіля Быкава. М. Тычына расказаў пра самыя запамінальныя сустрэчы з класікам, прыгадаў апошнія выданні твораў, падрыхтаваныя гродзенскім журналістам Сяргеем Шапранам. Прыгадаў і гісторыю з аповесцю Быкава «Афганец», якую пісьменнік перадаў яму на захаванне.

Міхась Тычына зазначыў: «У памяці беларусаў вайна засталася інакш, чым у памяці Захаду. «Каб не было вайны» — глыбінная
думка беларуса, а не нагода пажартаваць з нашага талерантнага суайчынніка››.

Падчас сустрэчы былі прадстаўлены кнігі з серыі «Дзеці вайны» выдавецтва «Чатыры чвэрці». Паэтка Ніна Галіноўская расказала
пра зборнік вершаў «Няма даравання вайне»: «Час ішоў, і я зразумела, што павінна даступнаю моваю апісаць эпізоды, якія мне асабліва запомніліся». Аўтарка прыгадала сваё ваеннае дзяцінства — зямлянку, акопы, уцёкі пад кулямі, грукат машын, на якіх ехалі карнікі...

Апавяданні з кнігі Міхася Пазнякова «Хлеб для партызанаў» заснаваны на падзеях сямейнай гісторыі, якую часам згадвалі бацькі пісьменніка. На думку М. Пазнякова, лепшыя творы пра Вялікую Айчынную яшчэ наперадзе. Дагэтуль мала раскрытая тэма дзяцей вайны, жанчын вайны — беларускіх дзяўчат і матуль, якія жылі на акупаваных тэрыторыях, зведалі нястачу і гора, але захавалі ў душы святло і дабрыню.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прадставілі літаратурна-дакументальную выстаўку «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому...», у аснову якой пакладзена апошняя прыжыццёвая кніга пісьменніка. Выстаўка раскрывае тэму жыццёвага і творчага шляху В. Быкава, распавядае пра яркія старонкі біяграфіі.

Янка НАТАВЕЦ,

"ЛіМ", 2015, 26 чэрвеня

26.06.2015 Прывітанне з Амерыкі

Пісьменніца, член СПБ Іна Саніна, якая сёння жыве ў Лос-Анджэлесе (ЗША), падчас творчага візіту ў Мінск сустрэлася з чытачамі ў сталічнай публічнай бібліятэцы No 5.

Вось ужо колькі год Маіна Арцішэўская Ерусалімчык (Іна Саніна — яе творчы псеўданім) актыўна прапагандуе за мяжой літаратуру Беларусі, робячы тым самы важны ўнёсак у падтрымку і развіццё беларускаамерыканскіх культурных стасункаў, адзна-
чыў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.

Сустрэча праходзіла ў фармаце гутаркі з публікай: творца адказвала на пытанні пра шчасце, пра жыццёвы і творчы шлях, у тым
ліку «амерыканскі» перыяд. Увасабленнем няпростага лёсу аўтаркі стаўся  новы рускамоўны зборнік яе лірыкі «Кветкі і церніі», які выйшаў у ЗША. Падчас імпрэзы адбылася прэзентацыя кнігі з аўтарскім чытаннем вершаў, што ўвайшлі і ў гэты зборнік, і ў папярэдні, таксама выдадзены ў ЗША, — «Вячэрнія маналогі».

У творах Іны Санінай — роздум пра мінулае і сучаснасць, мадыфікацыі чалавечай свядомасці, псіхалогія светаўспрымання і асэнсавання. А яшчэ — настальгія па Радзіме (родам пісьменніца з Віцебшчыны).

Яна ЯВІЧ,

"ЛіМ", 2015, 26 чэрвеня

19.06.2015 Да крыніцы шчырасці

Вечарына паэта, крытыка і літаратуразнаўцы Валерыя Максімовіча адбыўся ў сталічнай бібліятэцы No 22 на чарговым пасяджэнні літаратурнага клуба «Шчырасць».

Супрацоўнікі кніжніцы наладзілі выстаўку кніг паэта і публікацый яго твораў «Зямля мая — мой звонкаспеўны край, / Святая жыватворная крыніца!..».

Гасцей прывітала загадчык кніжніцы Наталля Ярашэвіч. Кіраўнік клуба, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў распавёў пра творчасць паэта.

Лірыка В. Максімовіча мілагучная, шчырая, светлая, нездарма шмат яго вершаў пакладзена на музыку. Падчас імпрэзы творы паэта прагучалі ў аўтарскім выкананні. Валерый Максімовіч узгадваў незвычайныя выпадкі з жыцця, паказваў фотаздымкі. Госці вечарыны змаглі набыць кнігі з аўтографам аўтара.

Раіса РАЧЫНСКАЯ,

"ЛіМ", 2015, 19 чэрвеня

05.06.2015 Шляхамі таямніц

Творчы вечар паэта, перакладчыка, публіцыста, намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» Уладзіміра Мазго прайшоў у літаратурным клубе «Шчырасць» пры сталічнай публічнай бібліятэцы No 22. Сярод гасцей — сябры творчай суполкі, навучэнцы і выкладчыкі двух сталічных каледжаў — чыгуначнага і тэхналагічнага. У чытальнай зале разгарнулася выстаўка кніг і публікацый Уладзіміра Мазго.

Кіраўнік клуба, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў адзначыў тэматычную і жанравую разнастайнасць творчасці галоўнага героя імпрэзы. Уладзімір Мазго пазнаёміў слухачоў з асобнымі старонкамі сваёй творчай і жыццёвай біяграфіі, распавёў, як у дзяцінстве марыў стаць мараком. Але жаданне дасканала валодаць роднай мовай, сур’ёзна займацца літаратурай перамагло. «Спасціжэнне таямніц мовы і літаратуры — працэс бясконцы. Чым больш займаешся, тым даўжэйшай здаецца дарога», — зазначыў Уладзімір Мінавіч і параіў падлеткам быць адказнымі ў вызначэнні свайго далейшага жыццёвага шляху.

За гады творчасці ў паэта сабралася цэлая бібліятэка кніг для дзяцей і дарослых: «Пад спеў крыніц», «Вершаліна», «Марафон», «Анёл нябесны», «Сакавіны», «У нябёсах вясны», «Калі спрачаюцца маланкі», «Суседзі па сусвеце», «Смехапад», «Прыгоды марахода»... І літаральна кожная з іх — падзея, вартая ўвагі.

Уладзімір Мазго — лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Многія яго вершы пакладзены на музыку Леанідам Захлеўным, Эдуардам Ханком, Алегам Елісеенкавым...

Падарункам гасцям вечарыны сталі запісы песень на словы Уладзіміра Мазго ў выкананні Анатоля Ярмоленкі, Іны Афанасьевай ды іншых артыстаў беларускай эстрады.

Наталія ЯРАШЭВІЧ,

"ЛіМ",2015, 5 чэрвеня

 

| февраль 2017 | ноябрь 2016 | сентябрь 2016 | июль 2016 | июнь 2016 | май 2016 | апрель 2016 | март 2016 | февраль 2016 | январь 2016 | декабрь 2015 | ноябрь 2015 | октябрь 2015 | сентябрь 2015 | июль 2015 | июнь 2015 | май 2015 | апрель 2015 | февраль 2015 | январь 2015 | декабрь 2014 | ноябрь 2014 | октябрь 2014 | июнь 2014 | май 2014 | апрель 2014 | март 2014 | февраль 2014 |
Поделитесь с друзьями:
СПЕЦИАЛИСТАМ
Насколько часто вы посещаете библиотеку?
Раз в год
Раз в месяц
Каждый выходной
Никогда
Авторизация
Имя пользователя

Пароль

Войти

Забыли пароль?       Регистрация