17.07.2015 Душы зняверыцца не дам

 

Творчая сустрэча з пісьменнікам, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасём Пазняковым, што адбылася ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, сабрала вялікую аўдыторыю. Завіталі прыхільнікі беларускага паэтычнага слова, сябры Міхася Паўлавіча, калегі па творчай суполцы, супрацоўнікі іншых бібліятэк.

Калегі шануюць Міхася Пазнякова за ўвагу да людзей, спагаду, шчырасць, памяркоўнасць. Яго бацькоў паяднала гора: тата быў камісаваны з фронту ў 1944 годзе, каб выхоўваць траіх дзетак пасля смерці першай жонкі ад тыфу. Маці будучага паэта таксама засталася ўдавой з двума малымі...

Вайна ў лёсе бацькоў адгукаецца і ў творчасці паэта. Угодкам свята Перамогі прысвечаны верш, якім пачаўся расповед пра асабістае. З вялікай цеплынёю Міхась Паўлавіч прыгадвае бацькоўскую зямлю, дзе асабліва хораша пішацца.

Бярозамі, рамонкамі, валошкамі
Прарос у сэрцы мой радзімы край...

У другім вершы прызнаецца: да роднай старонкі «сцяжынка бяжыць артэрыяй праз сэрца». Тэма Радзімы — галоўная для паэта. У творчай скарбонцы М. Пазнякова шмат патрыятычных вершаў, годна ацэненых суайчыннікамі. Міхась Паўлавіч — тройчы лаўрэат прэміі Міністэрства абароны Беларусі. З цікавасцю слухалі прысутныя пра духоўных настаўнікаў творцы — Кандрата Крапіву, Івана Шамякіна. Узгадваючы Кандрата Кандратавіча, паэт прызнаўся: менавіта знаёмства з ім пераканала, што мудрасць — гэта простасць, талент — гэта шчырасць ды сціпласць. І. Шамякіну ўдзячны за ісціну, што чалавек павінен вучыцца ўсё жыццё. Запалі ў сэрца і словы
К. Крапівы: «Літаратура павіннабудзіць у чалавеку пачуццё прыгожага».

Цудоўныя лірычныя вершы прагучалі ў стужцы «Тварыце, людзі, на зямлі дабро», прысвечанай М. Пазнякову. Яго радкі, перакладзеныя на рускую мову, дэкламавалі галоўны рэдактар часопіса «Новая Немига литературная» Анатоль Аўруцін і паэтэса Валянціна Паліканіна, песні на словы паэта выканалі кампазітар Алег Чыркун, бард Дзмітрый Пятровіч — нават дуэтам з аўтарам вер-
шаў. Скарыла мелодыя, створаная да верша Міхася Паўлавіча і выкананая кампазітарам Іванам Раманчуком. Яго творы па-майстэрску прадставілі артысты Белдзяржфілармоніі, лаўрэаты міжнародных прэмій Галіна Сакольнік і Арцём Шаплыка. Добрыя словы ў адрас творцы прагучалі з вуснаў паэтаў Вадзіма Спрынчана, Аліны Легастаевай, Вольгі Шпакевіч.

Удзельнікі імпрэзы мелі магчымасць набыць кнігі Міхася Пазнякова, у тым ліку і зборнік «Спявае жыта», што пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Паліна ЯРЦАВА,

"ЛіМ", 2015, 17 ліпеня

11.07.2015 Купальскі Купала

Папараць-кветку можна і не знайсці, але адчуць яе святло і энергію — яна жыве ў творчых беларусах.

Тэатральнае Купалле ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — ужо традыцыя. Але, акрамя выключна купальскіх прапаноў (музыка, песні), тэатр яшчэ мае твор, што нагадвае і адлюстроўвае беларускае народнае свята, створаны чалавекам, які быў блаславёны нарадзіцца, магчыма,тады, калі для нашага народа недзе ў гушчары лясоў зацвіла папараць-кветка. Янка Купала і яго «Адвечная песня» сталі сёлета галоўным стрыжнем свята ў РТБД, вакол якога круціўся вір іншых падзей. І ўсё гэта напоўнена сапраўды сакральным сэнсам: «Святкуем Купалу разам з Купалам». Паэт-прарок зразумеў сэнс чалавечага жыцця і распавядаў пра яго праз цуды-словы, якія ўтрымлівала яго сэрца.

Пра таямнічую сувязь розных з’яў у свеце прыродным і чалавечым, дзе ўсё трымаецца на энергіях — заўважных і ўнутраных, можна было паразважаць дзякуючы праекту «Купала. Купалле. Купалаўка» з фондаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Але дзе працягвае жыць энергетыка паэта, дык гэта ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яна жыве не сама па сабе, а дзеля іншых. І ўтрымліваецца доўга, калі памнажаецца праз іншых. Таму ў Беларусі ўзнікла і аказалася паспяховай акцыя «Чытаем Купалу разам». І не абавязкова прымяркоўваць яе выключна да канкрэтных дат — Купала жыў і дыхаў Беларуссю ўвесь час. У Купальскія дні неяк па-асабліваму разумееш, што нічога не ўзнікае з ніадкуль. Паэт, народжаны для Беларусі, натхняе яе жыхароў і ў ХХІ стагоддзі.

Пра гэта сведчыць цікавасць да адноўленага спектакля «Адвечная песня» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Але толькі ў купальскія дні тэатр прыадкрыў таямніцу таго, як рыхтавалася пастаноўка ў тэатры і якім чынам бачылі гэты твор мастакі. Гэта фактычна дзве выставы адразу, якія адкрыліся ў галерэйнай прасторы тэатра 6 ліпеня. Адна з іх прадстаўляе ілюстрацыі вядомых беларускіх мастакоў да паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня». У прынцыпе, сама такая выстава — ужо вартая ўвагі падзея, пра якую можна было б пісаць асобна. Проста мастакі адметныя, творы ўваходзяць у залаты фонд беларускай кніжнай графікі: Васіль Шаранговіч, Яўген Ціхановіч, Віктар Александровіч. Творы ўдалося прадставіць дзякуючы Дзяржаўнаму музею Янкі Купалы, у фондах якога яны захоўваюцца. Назвай выставы пазначаны адзін радок: «І будзе цар гэты навек названне насіць — чалавек».

Пра тое, як пачуваецца чалавеку — цару жыцця, якраз і распавядае спектакль, дзе вобразы паэтычныя кладуцца на вонкавае выяўленне. І тут — дзякуй мастакам. Але мы, гледачы, як правіла, на сцэне бачым канчатковы варыянт працы тых, хто ствараў сцэнаграфію спектакля і касцюмы герояў. Вялікі кавалак працы над пастаноўкай: менавіта візуальны шэраг дазваляе хутчэй уцягнуцца ў сэнс таго, што адбываецца на сцэне. Тыя ж пластычныя рашэнні ў афармленні спектакля «Адвечная песня» ствараюць і выдатны вобраз Купалля…

Але гэта асобная выстава, якая прысвечаная ўжо тэатральнай з’яве «Адвечная песня». Упершыню нам паказваюць, з чаго складаўся спектакль, як ён выяўляўся першапачаткова на ўзроўні пакуль мастацкай ідэі: накіды сцэнічнага афармлення і сцэнаграфія мастака Уладзіміра Ціханава. Нам нават паказваюць, як падбіраўся рэквізіт і ствараліся эскізы касцюмаў герояў. Але самы цуд, менавіта Купальскі: потым можна было пабачыць, як гэта ўсё склалася ў спектакль. І сам спектакль таксама.

Гэта было б проста, калі б тэатр абмежаваўся тым, што ў яго ёсць. Таму што наша разуменне цуду дазваляе чакаць чагосьці незвычайнага, таго, што ў запланаваны тэатральны паказ не ўкладзеш. І таму разам з Купалам прыйшлі святкаваць этна-фолк-гурт «Guda», фолк-мадэрн-гурт «Палац». Купальскія песні, карагоды. Усё, каб распаліць вогнішча ў душы чалавека і каб іскрынкамі гэтага агню ён жыў увесь год.
 


Ларыса ЦІМОШЫК

"Звязда",2015,11 ліпеня





 

02.07.2015 Пасля цвярcкога фестывалю

Творчая вечарына айчыннай паэтэсы Людмілы Клачко, прымеркаваная да яе дня нараджэння, адбылася ў сталічнай публічнай бібліятэцы No 5.

Пра пачатак творчага шляху аўтаркі паэтычнага зборніка «На колькі слоў...» распавёў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Паэтэса чытала свае вершы, падзялілася і ўражаннямі ад удзелу ў VII Міжнародным фестывалі славянскай паэзіі ў расійскай Цвяры.

Павіншаваць маладую творцу прыйшлі яе сябры і калегі па пяры: намеснік старшыні МГА СПБ Наталія Касцючэнка, Яна Явіч, Мікола Шабовіч, Дзмітрый Пятровіч, Лізавета Палеес, Дзмітрый Дземідовіч і Кацярына Массэ.

Дана ХОДНІЧ,

"ЛіМ", 2015, 2 ліпеня

| февраль 2017 | ноябрь 2016 | сентябрь 2016 | июль 2016 | июнь 2016 | май 2016 | апрель 2016 | март 2016 | февраль 2016 | январь 2016 | декабрь 2015 | ноябрь 2015 | октябрь 2015 | сентябрь 2015 | июль 2015 | июнь 2015 | май 2015 | апрель 2015 | февраль 2015 | январь 2015 | декабрь 2014 | ноябрь 2014 | октябрь 2014 | июнь 2014 | май 2014 | апрель 2014 | март 2014 | февраль 2014 |
Поделитесь с друзьями:
СПЕЦИАЛИСТАМ
Насколько часто вы посещаете библиотеку?
Раз в год
Раз в месяц
Каждый выходной
Никогда
Авторизация
Имя пользователя

Пароль

Войти

Забыли пароль?       Регистрация