поиск в каталоге

стрелочка Вечар памяці Міхаіла Пташука

admin05.02.2024

31 студзеня 2024 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся вечар памяці выдатнага кінарэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхаіла Пташука.

З яго імем звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно. Ён экранізаваў творы Васіля Быкава “Знак бяды”, Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, Івана Шамякіна “Вазьму твой боль”. У фільмах перабудовачнай пары М.Пташук спрабаваў па-новаму ўсвядоміць гісторыю краіны – “Наш браняпоезд”, “Кааператыў “Палітбюро”, альбо Будзе доўгім развітанне”. Гучны поспех мела карціна “У жніўні 44-га”.

З ініцыятывай правесці гэты вечар менавіта ў бібліятэцы імя Янкі Купалы звярнулася дачка майстра, Пташук Анжаліка Міхайлаўна, якая на працягу шмат гадоў з’яўляецца актыўным чытачом бібліятэкі.

Ушанаваць памяць легендарнага майстра кінамастацтва і падзяліцца сваімі ўспамінамі прыйшлі беларускі тэатральны рэжысёр і акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Валерый Данілавіч Анісенка, беларуская паэтэса Раіса Баравікова, драматург і празаік Алена Папова, студэнты курса Пташука, родныя і сваякі.

Падчас мерапрыемства ўсе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з фотаздымкамі, афішамі фільмаў, асабістымі рэчамі, дакументамі з архіва сям’і майстра, размешчанымі на дакументальнай фотавыставе “Міхаіл Пташук: чалавек-эпоха”, якая і далей будзе дзейнічаць у бібліятэцы.