18.12.2015 Збіраю я Радзіму па радках

Свята пад такой назвай згуртавала жыхароў Маскоўскага раёна сталіцы, а таксама моладзь — курсантаў БНТУ ваенна-тэхнічнай кафедры, навучэнцаў і выкладчыкаў чыгуначнага каледжа і сярэдняй школы № 25 у літаратурны клуб «Шчырасць» пры публічнай бібліятэцы № 22.
У межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі лаўрэата прэстыжных літаратурных прэмій, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза расійскіх пісьменнікаў Юрыя Фатнева «Сівыя нябёсы».
Удзел у вечарыне ўзялі знакамітыя беларускія літаратары і сябры Юрыя Фатнева — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Бэларусь, паэт Міхась Башлакоў, пісьменнік, паэт, журналіст, аўтар шматлікіх кніг, прысвечаных творчасці і памяці Ясеніна, Пятро Радзечка і літаратурны крытык Людміла Вараб’ёва.
Зборнік «Сівыя нябёсы» ўключае лепшыя паэтычныя творы аўтара, напісаныя на працягу жыцця, а таксама вершы апошніх гадоў. Па-ранейшаму тут валадарыць прырода: роднае Палессе, навечна апетае паэтам, што назаўсёды ўвайшло ў яго лёс і назаўжды застанецца ў яго вершах, як і рэкі: Іпуць, Сож, Бесядзь, Убарць, Тураўскі паром, Старыя Дзятлавічы, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка.
Вялікую зацікаўленасць у слухачоў мела выступленне сябра Юрыя Фатнева, пісьменніка, члена Міжнароднага ясенінскага таварыства «Радаўніца» Пятра Радзечкі, які распавёў пра сваё першае знаёмства з Юрыем Фатневым і іх супрацоўніцтва ў літаратуры. Кніга Пятра Радзечкі «Рэабілітаваны Ясенін», па меркаванні Юрыя Фатнева, адкрыццё для сапраўдных прыхільнікаў творчасці вялікага паэта.
Наталля ЯРАШЭВІЧ
ЛіМ", 2015, 18 снежня