27.04.2018 Ахвярую сваім "Я"

Культурныя праекты, прымеркаваныя да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, прэзентаваны падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ХХVІ Гарэцкія чытанні. Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі прадставілі кнігу «Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам». У выданні змешчаны ўспаміны пра Максіма Гарэцкага, напісаныя яго сваякамі і студэнтамі, а таксама мастацкія творы, сярод якіх аповесці «Дзве душы» і «На імперыялістычнай вайне». Як і ў іншых кнігах юбілейнай серыі, у выданні шмат фотаздымкаў і іншых ілюстрацый.
Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры расказалі пра перасоўную выстаўку «Максім Гарэцкі “Ахвярую сваім «Я»”» у мінскай бібліятэцы-філіяле No 14 імя Ф. Багушэвіча. Экспазіцыя ахоплівае ўсе перыяды жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага, для яе афармлення скарыстаны фотаздымкі, цытаты з лістоў і
«Камароўскай хронікі» Максіма Гарэцкага, успамінаў Гаўрылы Гарэцкага. Значная ўвага прысвечана сям’і пісьменніка, у прыватнасці Гаўрылу Гарэцкаму, бо жыццёвыя шляхі двух братоў ішлі побач на працягу многіх гадоў.
`«Сёлета адзначаецца заканчэнне Першай сусветнай вайны, таму асобны раздзел выстаўкі — “Праўда вайны Максіма Гарэцкага” — прысвечаны разгляду яго прозы ў кантэксце еўрапейскай літаратуры — творчасці Яраслава Гашака, Анры Барбюса, Эрыха Марыі Рэмарка. У гэтым аспекце творы М. Гарэцкага аналізавалі як сучасныя літаратуразнаўцы, так і крытыкі 1920-х гадоў», — адзначыла Паліна Саўген, старшы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Супрацоўнікі музея спадзяюцца прадставіць выстаўку за мяжой, а таксама ў беларускіх гарадах, дзе жылі, вучыліся, працавалі браты Гарэцкія.
Як адзначыў пісьменнік, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Анатоль Бутэвіч, сёлета ў праграме канферэнцыі пераважаюць даклады, у якіх творчасць М. Гарэцкага разглядаецца ў шырокім гістарычным і літаратурным кантэксце. У значнай ступені гэта тлумачыцца цікавасцю навукоўцаў да падзей стагадовай даўніны: Кастрычніцкай рэвалюцыі, сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў 1917-1918 гг.
«Выключная, каштоўная якасць таленту Максіма Гарэцкага — гэта здольнасць зазірнуць у заўтрашні дзень, ацаніць вынікі гістарычнага працэсу. Яго апавяданні як бы загадзя абвяргаюць магчымыя ідэалагічныя схемы і характарыстыкі. Гэтыя творы і сёння ўспрымаюцца вельмі востра. У чытача, які не звяртае ўвагу на датаванне твораў, можа з’явіцца ўражанне, што яны напісаны не ў 1920-я гады, а ў 1990-я, сучасным празаікам, які вызваліўся ад многіх ілюзій і штампаў, навязаных афіцыёзам у дачыненні да такіх тэм, як рэвалюцыя, грамадзянская вайна, нацыянальнае пытанне», — адзначыла падчас пленарнага даклада доктар філалагічных навук Тамара Тарасава.
Равесніцай Максіма Гарэцкага была яго жонка Леаніла Чарняўская — пісьменніца і перакладчыца, выдатны беларускі педагог. Даклад, прысвечаны яе творчасці, быў прадстаўлены падчас пленарнага пасяджэння.
"ЛІМ", 2018, красавік,
Юлія ШПАКОВА