20.03.2020 Колеры світанку
.jpg)
Як змярканне пераходзіць у ранішняе святло? Гэтаму прысвечана фотавыстаўка Наталлі Алейнікавай «Пейзажы Беларусі “Світанак бяжыць... у азёрную хвалю!”», якая адкрылася ў мінскай бібліятэцы № 10 імя М. Мінкавіча.
Творчы праект паэтэсы і мастачкі складаецца з работ, што адлюстроўваюць прыгожосць світанку праз фокус камеры. Фотаздымкі зроблены аўтарам у вяснова-летні перыяд у ваколіцах Мінска.
— Я натхняюся прыродай, — расказала Наталля Алейнікава падчас адкрыцця фотавыстаўкі. — Люблю бавіць час у вясновым квітнеючым садзе, слухаючы спевы птушак. Люблю гуляць каля возера, якое, па сутнасці, і натхніла на стварэнне гэтага праекта. Няхай не ўсе работы змясціліся ў экспазіцыю, але, спадзяюся, менавіта гэтыя творы абудзяць радасць і светлыя пачуцці, якія могуць узнікнуць толькі ранкам.
Змярканне, ранішняе святло, спакой прыроды — асноўныя матывы твораў Наталлі Алейнікавай. Адмысловыя сюжэты таксама ствараюць высакародныя лебедзі, якія мілуюцца ў світальных хвалях; заранка, якая сустракае яшчэ адну раніцу, возера, што квітнее раскай... Аўтар адзначае: усе фотаздымкі прадстаўлены ў арыгінальнай колераперадачы. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да 10 красавіка.
"ЛІМ", 20 сакавіка, 2020
Яўгенія ШЫЦЬКА