05.02.2021 Таццянін дзень святкавала сталічная бібліятэка імя Талстога
.jpg)
Для паэтычнага тэатра «Арт.С.» стала ўжо традыцыяй святкаванне Таццянінага дня. І традыцыйна ладзіць святочнае мерапрыемства супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, пісьменніца Таццяна Барысюк. Не стаў выключэннем і гэты год. Аднак нейкія змены ўсё ж адбыліся: упершыню імпрэзу, прысвечаную Таццянінаму дню, прымала бібліятэка No 1 імя Л. М. Талстога.
Таццяна Барысюк павіншавала ўсіх Таццян, студэнтаў і прысутных з Таццяніным днём і пажадала плёну ва ўсіх справах.
З цудоўным святам вас, Таццяны!
Хай вашы дні ляцяць без хмараў,
Шанцунак будзе спадзяваны
І здзейсняцца ўсе вашы мары!
І лёс хай не перашкаджае
Вам быць шчаслівымі заўжды!
І хай анёлы ашчаджаюць
У студзеньскія халады!
Вядучая зазначыла, што гэтае мерапрыемства паэтычны тэатр «Арт.С» праводзіць сумесна з літаратурным клубам «Экватар». Дарэчы, сёлета святкаванне пісьменніца праводзіла дванаццаты раз, але для кожнай з імпрэз Таццяна пісала свой сцэнарый. Кожны год спіс удзельнікаў змяняецца.
Канешне, напачатку быў кароткі экскурс у гісторыю свята ўсіх Таццян і студэнтаў. Потым вядучая звярнулася да гісторыі імені Таццяна і распавяла, што «Таццяна» перакладаецца з грэчаскай мовы як «арганізатарка», «наладжвальніца», «заснавальніца».
Пісьменнік і журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба «Экватар» Вячаслаў Корбут распавёў прысутным некалькі гісторый са свайго жыцця, звязаных з Таццянамі, і прачытаў уласныя вершы, сярод якіх быў твор, прысвечаны ўсім Таццянам.
...Я дачакаюся, Таццяна!
Ты — маёй мары небакрай.
Яна ўсміхнулася, бы панна,
Рукой махнула: выбачай!
Ці ж гэта словы апраўдання?
Мо горычы цяжкой уздых?
Пачуцці зведалі звяданне,
Як квецень скінулі сады...
Затым слова ўзяла Інга Вінарская, якая выйшла да аўдыторыі з новым нумарам альманаха «Літаратурны экватар», паколькі з’яўляецца яго шэф-рэдактарам, дызайнерам і тэхнічным рэдактарам. Інга прачытала свае вер-шы, змешчаныя ў выданні, — вясновыя і летнія, бо зімой вельмі хочацца вясны і лета.
...Трава ў расе, пялёсткі зіхацяць,
Пачаўся дзень сінечаю нябёснай.
Ад захаплення думак лёгкі сцяг
Са свежасцю дыхнуў красою роснай.
І пад дажджом з пялёсткаў бы ізноў
Было свабодна, радасна надзіва,
Нібы дайшоў да лёсавых асноў
Жыцця ўсяго — раптоўна і пачціва.
Вершы аб прыродзе і каханні прадставіла студэнтка Лінгвістычнага ўні-версітэта Любоў Раманава, яе паэтычныя радкі зала прымала асабліва цёпла.
Пісьменнік і кнігавыдавец Міхась Башура на святкаванне Таццянінага дня завітаў упершыню, але ні на хвіліну пра гэта не пашкадаваў. Чытаў зімовыя вершы і творы пра каханне.
Пачуцці маюць колер.
Настрой — тым больш.
Мы гэтага не бачымі нават не імкнёмся.
Тым лепш для нас,
бо колер маем
і мы самі..
Часта выступае з песнямі пад гітару, піша творы ад імя розных лірычных герояў пісьменнік і літаратуразнаўца Юрась Нераток. Ён прачытаў шэраг сваіх вершаў. Валянцін Шведаў не так даўно выдаў кнігу «Міг на чáсавай стужцы», вершамі з якой і пазнаёміў прысутных.
Адно з тых адвечных
у свеце пытанняў:
Дык што ж уяўляе сабою каханне?
Адкуль нам прыходзіць? Знікае куды?
Якія ў душы пакідае сляды?
З сустрэчы пачнецца
зусім выпадковай,
Ці выспее з доўгіх адносін сябровых?
І вось загарэлася зоркай яно.
Сп’яніла, атруціла, нібы віно.
І, канешне, пазнаёміла са сваёй лірыкай вядучая вечарыны Таццяна Барысюк. Гэта былі і новыя вершы, і творы з кнігі «Аўтапартрэт», і паэтычныя опусы з альманаха «Літаратурны экватар».
Самы прыгожы мужчына — каханы.
Мне не хапае пяшчотных абдымкаў.
Быць з Вамі разам —
мне так нерэальна,а быць у пекле наяўным —
так звыкла.
Я ратавалася б Вашымі вуснамі,
позіркам Вашым і Вашай усмешкай.
Я — у адчаі і на сэрцы — вусцішна.
Я несвабодна, а з Вамі — бязмежна.
Вы — непазбежнасць...
Напрыканцы адбылася святочная вік-тарына. Па яе ўмовах той, хто першы ад-казваў на пытанні вядучай, атрымліваў прыз.
"ЛІМ", 5 лютага, 2021
Інга ВІНАРСКАЯ