12.03.2021 След у фарбах
.jpg)
Адзін з найбольш дзейсных шляхоў вывучэння літаратуры дзецьмі — магчымасць інтэрпрэтаваць, пераасэнсоўваць і выкарыстоўваць яе як нагоду для ўласнай творчасці. Так дзеці не проста чытаюць, але і засвойваюць тэкст на эмацыянальным узроўні, узроўні ўяўлення.
«Творчасць Тараса Шаўчэнкі вачыма юных мастакоў» — выстаўка з такой назвай адкрылася ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Імпрэза прымеркавана да дня нараджэння пісьменніка, які адзначаецца 9 сакавіка. Прадстаўлены карціны навучэнцаў мінскіх мастацкіх школ, удзельнікаў і пераможцаў шаўчэнкаўскіх конкурсаў малюнкаў. Выявы, створаныя юнымі мастакамі, адлюстроўваюць іх уласнае бачанне свету твораў Тараса Шаўчэнкі, погляд на яго герояў. Гэта яскравыя, кампазіцыйна цікавыя работы, у якіх сустракаецца і звычайная дзіцячая манера малявання, і своеасаблівыя вобразныя знаходкі.
На адкрыцці прысутнічала старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт» Галіна Калюжная. «Гэта было няпроста, бо дзеці не ведалі, хто такі Шаўчэнка. Мы прыходзілі ў мастацкія школы, распавядалі. Але ў дзяцей сваё бачанне, іншае ўспрыманне свету, менавіта яно цікавае. Мы думаем, што падлеткі 13—14 гадоў бачаць творы Шаўчэнкі яскравей за прафесійных мастакоў», — распавяла Галіна Калюжная пра правядзенне шаўчэнкаўскіх конкурсаў.
Яна падкрэсліла вялікае значэнне Тараса Шаўчэнкідля Украіны, адзначыла, што гэта творца, без якога Украіну немагчыма ўявіць. Яго творы сталі не толькі нацыянальным, але і сусветным літаратурным здабыткам. Бачанне дзяцей, іх трапяткое і ўважлівае стаўленне да творчасці Шаўчэнкі пацвердзіла гэтае значэнне.
У адкрыцці выстаўкі ўзялі ўдзел іншыя прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, у тым ліку Першы сакратар па пытаннях культуры Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Салавей. Яркія фарбы на малюнках дзяцей, па яго меркаванні, сведчаць пра тое, што ва ўсіх творах паэта ёсць асаблівае святло і дабрыня.
На тэрыторыі Беларусі налічваецца 6 помнікаў Тарасу Шаўчэнку, і гэта паказвае, што вялікі след украінскі паэт пакінуў і ў Беларусі.
"ЛІМ", 12 сакавіка, 2021
Ганна ІВАНОВА