25.04.2019 “Страчаная спадчына”

Бібліятэка №14 імя Ф. Багушэвіча
запрашае на фотавыставу
з 6 сакавіка па 30 красавіка

Ці магчыма вяртанне туды, дзе ніколі не быў? Адчуць сябе ў незнаёмым месцы як дома, адчуць, што тваё сэрца б’ецца разам з сэрцам старой сядзібы. Альбо спыніцца, каб перавесці дух ад захаплення былой веліччу і маляўнічасцю замкаў і палацаў.
Нашы продкі паклапаціліся, каб пакінуць нам багатую спадчыну. Яны будавалі замкі, закладвалі паркі, прывозілі для іх з далёкіх краін экзатычныя расліны, збіралі творы мастацтва. Але вельмі часта мы не ведаем пра сваё слаўнае мінулае, бо не захавалі гэтае культурнае багацце. І застаецца пачуццё шкадавання за незлічоныя страты…
Аб гэтым нагадвае нам аўтар праекта “Страчаная спадчына” фатограф Вольга Максімава. Усё, што трапляе ў аб’ектыў фотамастака, давярае ёй і маўкліва распавядае пра сябе. Праз незвычайную дакладнасць дэталяў, перапляценне фрагментаў, яна пераносіць нас у той далёкі свет, які раптам становіцца бліжэй. На жаль, час няўмольны. І нашы нашчадкі наўрад ці ўбачаць гэтыя архітэктурныя шэдэўры. Але, спыніўшы імгненне, Вольга Максімава спыніла і час, каб захаваць для будучых пакаленняў хаця б выявы помнікаў нашай багатай гісторыі.
Фотавыстава будзе працаваць у бібліятэцы № 14 імя Ф.Багушэвіча (вул. Прытыцкага, 42) з 6 сакавіка па 30 красавіка.
Адкрыццё выставы адбудзецца 6 сакавіка ў 18.30