Абеліскі нашай славы
20.05.2024
Травень кожнага года багаты на святы. Не стаў выключэннем і гэты год. Свята Вялікай Перамогі практыкум па асновах лічбавай фатаграфіі “Пазітыў”Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы адзначыў фотавыставай “Абеліскі нашай славы”, размешчанай на пачатку месяца. Прэзентацыя выставы адбылася ў суботу 18 траўня з удзелам сяброў “Пазітыва” і літаратурнай майстэрні “ЛітЭра”.
Фотавыстава арганізавана сябрамі “Пазітыва” Галінай Галеевай, Уладзімірам Каўганавым, Міколам Ліннікам і Ірынай Саўчанка. Прадстаўлены 34 фотаработы. На іх і добра вядомыя ўсім мемарыялы “Брэсцкая крэпасць-герой”, Курган Славы, Хатынь, Плошча Перамогі ў Віцебску, Арка Славы ў Магілёве і менш вядомыя Курган Бессмяротнасці ў Лідзе, мемарыялы “Чырвоны Бераг” у Жлобінскім раёне і “Удовы. Загінулых чакаюць вечна” у вёсцы Доры Валожынскага раёна, помнікі вызваліцелям у Браславе, Жлобіне і Полацку, помнік К.Заслонаву і ваенна-гістарычны музей яго імя ў Оршы, помнік загінуўшым у вёсцы Фалевічы Рагачоўскага раёна. Не абыйшлі ўдзельнікі выставы ўвагай і родную сталіцу. Тут фотаздымкі Вечнага Агню на Плошчы Перамогі, мемарыялаў “Яма”, “Трасцянец” і “Памяць” на праспекце Дзяржынскага, помнікі “Беларусь партызанская”, на месцах Мнскага гета, пакарання мінскіх падпольшчыкаў, магіле вызваліцеляў Мінска ў Вялікім Трасцянцы.
Кіраўнік “Пазітыва” Мікола Ліннік расказаў аб ідэі стварэння фотавыставы і яе экспанатах. Пра свае фотаработы расказалі Галіна Галеева і Ўладзімір Каўганаў. Куратар “Пазітыва” і “ЛітЭры” бібліятэкар 1-й катэгорыі Таіса Чэмко прачытала верш “Абеліскі”.
Выстава будзе працаваць яшчэ на працягу месяца. Уваход вольны.

