Рухацца па жыцці з добрым спадарожнікам
04.09.2024
4 верасня навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання наведалі літаратурна-мастацкую выставу “Каб не спыніўся РУХ”, якая завяршае свой трохмесячны марафон у бібліятэцы №1 імя Л.М. Талстога, і сустрэліся з яе аўтарам – членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, ілюстратарам Таццянай Каленік.
У ходзе гутаркі юнакі і дзяўчаты распавялі пра сябе, пра свае захапленні і даведаліся аб шматграннай творчай дзейнасці Таццяны Рыгораўны Каленік. Праз свае творы яна заклікае чытача, на якога заўсёды паўплывае няспынна-зменлівы час, не згубіць сувязь з родам, з прыродай, са сваімі сапраўднымі вытокамі.
Мастачка і паэтка валодае сваім, арыгінальным стылем, сумяшчае нацыянальныя матывы з вобразамі сучаснасці як у графічнай, так і ў паэтычнай формах: чорна-белая графіка, набліжаная да мадэрнісцкай плыні ў выяўленчым мастацтве, і верлібр – свабодная форма верша, непадуладная ўмоўнасцям. Нават на пытанне, як адчуваюць вечны рух учорашнія школьнікі, Таццяна Каленік прапанавала адказаць нетрадыцыйным спосабам. Яе юныя субяседнікі малявалі, пісалі… У першыя дні новага навучальнага года ў новым статусе – у статусе першакурснікаў каледжа – яны стваралі сваю першую кнігу, і яна падалася ім вельмі каштоўнай. Яны яшчэ не здагадаліся, што той папяровы ліст, на якім яны паставілі пячаць сваіх пачуццяў і эрудыцыі, сшыты ў адзіны зборнік, нішто іншае, як іх агульны спадарожнік у іхным руху па жыцці.
