Прэзентацыя серыі кніг “Сучасная беларуская літаратура”
10.10.2024
9 кастрычніка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя серыі кніг “Сучасная беларуская літаратура”.
У віхуры падзей на чытанне сёння застаецца ўсё менш часу і яшчэ менш – на падбор якаснай літаратуры. Выдавецтва “Аверсэв” і Саюз пісьменнікаў Беларусі вырашылі дапамагчы беларускім чытачам і выпусцілі серыю кніг “Сучасная беларуская літаратура”. Мяркуецца, што свет пабачаць 12 кніг пад агульным брэндам, што адлюструе шматаблічны характар развіцця беларускай прозы, якая шукае сябе ў новых жанрах, часам парушаючы межы традыцыйных.
Серыя сабрала самыя значныя творы беларускай мастацкай літататуры, створаныя сучаснікамі. Чытачоў чакае сустрэча з героямі аповесцяў, навэл, апавяданняў, дэтэктываў, фантастычных вандровак і нават аўтарскіх фантазій на тэмы беларускіх легенд і міфаў.
Разам з пісьменнікамі: Навумам Гальпяровічам, Людмілай Рублеўскай, Аленай Брава і самым маладым аўтарам – студэнткай філалагічнага факультэта БДУ Палінай Дваранскай мы абмяркавалі ролю чытання ў нашым жыцці, пагаворылі пра стан, тэндэнцыі развіцця сучаснай беларускай літаратуры і яе будучыню. Аўтары распавялі пра свае пошукі тэм і сюжэтаў. А таксама адказалі на пытанні чытачоў. Чытачы, які задалі самыя цікавыя пытанні атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографамі пісьменнікаў.
Сустрэча атрымалася вельмі змястоўнай, пазнавальнай, эмацыйнай і цікавай.


