Мы к вам заехали на час
25.02.2025
22 лютага ў нотна-музычнай бібліятэцы адбылося вялікае мерапрыемства. Назва – “Мы к вам заехали на час”, гэта першыя словы папулярнай песенкі з мульфільма “Бременские музыканты”. На самой справе нашы госці завіталі да нас амаль на дзве гадзіны. Сацыяльны цэнтр Фрунзенскага раёна г.Мінска падрыхтаваў разнастайную праграму да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а заадно і прарэкламаваў сваю дзейнасць, работу сваіх кружкоў і аб’яднанняў. Пачаўся канцэрт з цудоўных патрыятычных песен “Офицерские жёны”, “Жизнь продолжается”, “Афганский вальс” і “Тост” у выкананні гераіні тэлепраграмы “Добрый вечер” Ю.Пашкоўскай. Вельмі яскравым і эмацыянальным было прадстаўленне вядомай паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі ,настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры В.Дробышэўскай. Яна прэзентавала сваю новую кнігу “Любіна сукенка” (выдавецтва “Звязда” 2025 год). Гэта апавяданне пра дзяўчынку, якая загінула ў самую першую ваенную раніцу. Ад яе засталася толькі адна белая сукенка – сімвал чысціні, надзеі,кахання і мары, якая да сённяшняга часу , як Белы Анёлак, беражэ родную Беларусь. Потым Валянціна чытала свае вершы, прысвечаныя таксама вайне, загінуўшым салдатам, родным і дзядам. Працягнулі мерапрыемства выканаўцы А.Страцэўскі і І.Стаўская. Гучалі папулярныя песні “Цыганочка”, “Ты смотрел на меня”, меладычнымі і вельмі лірычнымі былі песні на вершы М.Шабовіча, В.Паліканінай, В.Драбышэўскай. Ёсць у сацыяльным цэнтры і танцавальны калектыў “Мир танца”. Яны прадэманстравалі прысутным некалькі шыкоўных танцаў – “Испанский танец”, “Мамба”, “Дедочек”, “Бэлла Чао”, “Бабушки-заюшки”. Цудоўныя касцюмы, запальная музыка і яскравыя эмоцыі нікога не пакінулі абыякавымі. Па заканчэнні вечарыны было шмат пытанняў пра кружкі і аб’яднанні цэнтра, пра ўмовы іх працы і магчымасць далучыцца.



