Даруй каханая…
05.03.2025
27 лютага адбылася творчая сустрэча і прэзентацыя зборніка прозы “Даруй каханая…” Яўгена Хвалея ў бібліятэцы № 22 у межах літаратурнага праекта “Шчырасць”.
Прадставіў госця вядомы пісьменнік, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Міхась Пазнякоў.
Яўген Іванавіч Хвалей – паэт, празаік, крытык, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1989 года. Яго ганаровы сябра з 2017 года. Уладальнік нагруднага знака СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру” (2015), узнагароджаны медалямі “Францыск Скарына”, “Максім Багдановіч”.
Нарадзіўся ў вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў на Стаўбцоўшчыне, працаваў у Мінскім абласным Доме народнай творчасці, амаль 10 год – на Беларускім радыё і тэлебачанні, потым у выдавецтвах «Народная асвета», «Юнацтва», «Мастацкая літаратура».
Свае першыя творы пачаў друкаваць з 1963 года ў раённай газеце «Прамень». Аўтар паэтычных кніг “Ярына” (1979), “Прычасце” (1983), “Зялёны прамень аеру” (1987), “Квадраты памяці” (1992), “Прыстань віцінаў” (1996), “Дзе хвалі срэбна-залатыя…” (2008), “Год парсюка” (2019), кніг прозы-аповесцей “Пацукі, або Таямнічы дзеннік” (1991), “Прынцэса тусоўкі” (2000-2017), “Анжэла з Былькаў” (2012), “Вяселле на Кіпры” (2012), “Не пакідай мяне, Аля” (2016), “Нож” (2020), раманаў “Серабрыстыя таполі” (2015), “А на беразе тым…” (2021), “Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця” (2022), “Даруй каханая” (2023), “Кветкі браткі або Жыццё аднаго з мужчын” (2023), аповесць “Пацукі, або Таямнічы дзеннік” (1991), зборнік драматычных твораў “Яноты і людзі” (2024). Дзецям прысвечаны яго казкі і вершы кніг “Насціны гасціны” (1989), “Каця на планеце радапедаў” (1997), “Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі” (2002), “Яблык з радзімкай” (2017). З’яўляўся ўкладальнікам шматлікіх зборнікаў вершаў, нарысаў, аповесцей і апавяданняў: “Якуб Колас. Вершы” (1987), “Гары, агонь Кастрычніка (1987), “Родныя вобразы” (1998), “Рамантыка будняў” (1987), “Карані” (1994), “Незабудкі” (2000), “Бацька наш Нёман” (2001), “Анталогія беларускага санета” (2002), “Слоўнік лексічных формаў” (2004). У перыядычным друку яго ведаюць як крытыка і аўтара твораў прозы і паэзіі. Друкаваўся ў часопісах “Крыніца”, “Родная прырода”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Весці Першамайскага раёна” г.Мінска, “Полымя”, “Маладосць”. Піша свае творы Яўген Іванавіч толькі на беларускай мове, такой роднай і блізкай яго душы. Аўтар шэрагу тэкстаў, песень, радыйных і тэлевізійных пастановак.
У 1991 годзе ў выдавецтвее «Юнацтва» выйшла аповесць Яўгена Хвалея пад незвычайнай назвай «Пацукі, або Таямнічы дзеннік». Гэта яго першы твор у жанры прозы. Потым з’явіліся яшчэ дзве аповесці «Гадзюка. Якая ж ты гадзюка» і «Узвіжанне, або Вяртанне да сабе», якія прадоўжылі сюжэтную лінію.
Гэтыя тры аповесці былі аб’яднаныя ў адзіны твор пад назвай «Прынцэса тусоўкі», у якім аўтар падымае сур’ёзныя праблемы сучаснай рэчаіснасці, найперш школьнай моладзі. За кнігу «Прынцэса тусоўкі» Яўген Хвалей атрымаў літаратурную прэмію «Залаты купідон» у намінаціі «Дзіцячая літаратура» (2012). Кніга перавыдавалася пяць разоў і была на працягу дзесяці гадоў ўключана ў школьную праграму пазакласнага чытання для дзявятых класаў.
Актыўна прымае ўдзел у творчых сустрэчах са старшакласнікамі, чытачамі бібліятэк. Стаўбцоўшчына з’яўляецца малой радзімай знакамітага класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Таму ўсе паэты і пісьменнікі са Стаўбцоўшчыны называюць сябе “каласкі”.
Яўген Іванавіч вельмі цікава і эмацыянальна паведаў прысутным аб сваім жыцці, творчых планах, зачытаў свае вершы, гумарыстычныя шаржы на калег па пяру, байкі.
Сустрэча прайшла на адным дыханні, шчыра і зацікаўлена.



