Вашых сэрцаў калакольны звон
24.03.2025
22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі цалкам знішчылі вёску Хатынь у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Слова «Хатынь» набатам гучыць у сэрцы кожнага беларуса. І адгукаецца слязамі на вачах…Трагедыя Хатыні – адна з самых пачварных старонак гітлераўскага генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны. За перыяд акупацыі 1941–1944 гадоў больш за 600 беларускіх вёсак, як і Хатынь, былі спалены разам з іх насельніцтвам, 216 вёсак ніколі больш не адрадзіліся з попелу. Захаванне памяці аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны і недапушчэнне скажэння гістарычнай праўды – гэта наш наказ, які нясем праз час нашчадкам.
Напярэдадні горкай даты бібліятэка № 4 імя М.В. Гогаля арганізавала для навучэнцаў Каледжа хлебапячэння гадзіну памяці “Вашых сэрцаў калакольны звон”, падчас якой прысутныя нібы апынуліся ў гэты дзень у спаленай вёсцы і змаглі адчуць ўвесь жах таго, што адбылося.
