поиск в каталоге

стрелочка Што такое квартэт

admin18.05.2025

Што такое квартэт, дзякуючы басні І. А. Крылова, ведаюць людзі зусім далёкія ад музыкі. Гэта ансамбль, які складаецца з чатырох выканаўцаў. Квартэты могуць быць вакальныя, духавыя, ударныя. Але “вышэйшы пілатаж” – гэта квартэт струнны. Гучыць струнны квартэт надзвычай гарманічна. Тэмбры інструментаў блізкія, яны зліваюцца. У той жа час інструменты дадаюць адзін аднаго па дыапазоне, набываюць такім чынам усе рэгістры: ад глыбокіх басоў у віяланчэлей – да найтанчэйшых вярхоў у скрыпак.

Атрымаць сапраўдную асалоду ад квартэтнай музыкі давялося слухачам нотна-музычнай бібліятэкі 18 мая. Да нас прыйшлі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на чале з дацэнтам Левіцкай Т. С. У іх выкананні  прагучалі квартэты У. Кур’яна і А. Дворжака. Цудоўная музыка ў майстэрскім выкананні таленавітых маладых людзей – сапраўдны падарунак для завітаўшых да нас  аматараў музыкі, малодшаму з іх было ўсяго чатыры гады. Але нягледзячы на такі малы ўзрост,  хлопчык прасядзеў да канца канцэрта амаль нерухома.

Скончыўся канцэрт бурнымі апладысментамі, шчырымі падзякамі выканаўцам і запрашэннямі прыходзіць на нашу канцэртную пляцоўку ў будучым.

Хочацца дадаць, што чарговы канцэрт струннай квартэтнай музыкі адбудзецца ў нотна-музычнай бібліятэке 25 мая а 16-й гадзіне. Прыходзьце! Чакаем!