поиск в каталоге

стрелочка Адкрыццё выставы жывапісу “КУПАЛАЎСКІ ВЯНОК”

admin26.06.2025

“Купалаўскі вянок” – назва выставы, якая пачала сваю работу ў  Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Выстава калектыўнага жывапісу аб’ядноўвае работы каля 20-ці мастакоў — членаў Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Еўразійская Мастацкая Садружнасць”.

19 чэрвеня на адкрыццё выставы сабраліся мастакі – аўтары карцін, а таксама прыхільнікі жывапісу і творчасці Янкі Купалы. Мастакі натхніліся літаратурнай спадчынай класіка беларускай літаратуры, беларускай культуры — Янкі Купалы, яго творчасцю і жыццём, прасторамі і куткамі родных мясцін паэта, а таксама нацыянальнымі беларускімі традыцыямі, паэзіяй і сімволікай свята Купалле. І як вынік гэтага натхнення – выстава калектыўнага жывапісу “Купалаўскі вянок”, якая будзе чакаць сваіх гледачоў да 31 жніўня.

Назва выставы “Купалаўскі вянок” адсылае да выявы вянка. Вянок – як злучная нітка паміж мінулым і сучаснасцю, паміж словам і выявай, паміж фальклорам і сучасным жывапісам. Мастакі раскрываюць тэму праз прызму асабістага ўспрымання. Вобразы, створаныя ў іх працах, пераклікаюцца з творамі Янкі Купалы.

Сучасныя мастакі Беларусі праз сваю творчасць захоўваюць памяць пра Янку Купалу. І выстава жывапісу ў нашай бібліятэцы – гэта каменьчык у падмурак яго ўшанавання.