Кругаварот жыцця трымае восень
10.10.2025
10 кастрычніка ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча г. Мінска адбылася літаратурная імпрэза “Кругаварот жыцця трымае восень”, прысвечаная Дню работнікаў культуры, з нагоды творчай сустрэчы з паэтэсай, журналістам, рэдактарам Наталляй Святловай, якая працуе ў РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» загадчыкам аддзела літаратурнага рэдагавання, з’яўляецца аўтарам шматлікіх журналісцкіх публікацый у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, лаўрэатам розных конкурсаў: Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», Міністэрства інфармацыі «Пад знакам Года малой радзімы», Еўразійскага банка развіцця «Еўразійская інтэграцыя і развіццё — ХХІ стагоддзе».
На сустрэчу з паэтэсай прыйшлі вучні сярэдней школы №86.
Восень дорыць плады, заўважыла творца, ды не толькі на палетках, агародах, прысядзібных участках: “Давайце пашукаем плады ў нашых душах. Што там саспела? Відавочна, чалавек сталее, узбагачаецца новым, скідае, як дрэвы, лісце, старое адзенне. Але ці кожны мае адвагу расстацца са старым? Зжоўкнуць, апасці для лісця — натуральна, а для чалавека — выпрабаванне? Але моцныя выпрабаванне лічаць дарам, бо яно вучыць мудрасці”. Як і паэзія, якая мацуе жыццястойкасць, садзейнічае выкананню свайго маральнага абавязку, пераканана Наталля.
“Восень — другая вясна, дзе кожны ліст — кветка”, — сказаў Альбер Камю. Мудрасць праз пакаленні. А Наталля прадставіла свой погляд на гэтую чароўную пару года, прадставіўшы ўласныя новыя вершы пра восень. Радок аднаго з іх і даў назву імпрэзе:
Кругаварот жыцця трымае восень,
Каб час імклівы супыніць
І ўслухацца: ці тое просім,
Ці не парвецца душаў ніць?..
Наталля імкнецца паэтычна асэнсоўваць падзеі, стан наваколля, выпрабоўваючы свае творчыя сілы. Яе адметнае мастацкае слова трывала звязана з эстэтычнымі асновамі і звернута ў заўтрашні дзень з верай у лепшае.
На дрэвах лісце ў міры, дружыць,
А людзям міру не стае.
У танцы жоўтым лісце кружыць,
Ды ў сэрцах — руханні свае.
Наталля прапанавала вытлумачэнне сутнасці восені з духоўнага ракурсу, асэнсоўваючы чалавечую годнасць, закранаючы маральна-этычныя праблемы. Пераймаючы прыродныя сюжэты, Наталля ўзбагачае іх духоўным асэнсаваннем.
