Вечар памяці
09.12.2025
26 лістапада ў літаратурным праекце “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы № 22 прайшла вечарына памяці Уладзіміра Максімавіча Тулінава.
На мерапрыемства сабраліся сябры-літаратары – паэткі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Легастаева і Анастасія Кузьмічова; паэткі, члены літаратурнага аб’яднання “Доблесть» Вера Несцяровіч, Людміла Дзіцэвіч, Джэмма-Случак Марцінкевіч; артыстка эстрады, актрыса тэатра і кіно, салістка фальклорнага ансамбля танца “Эребуни”, сцэнарыст, дэкламатар і вядучая разнатэматычных культурных праграм, мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі - Вольга Багушыньска.
Прадставіў паэтаў, а таксама сказаў цёплыя словы пра свайго сябра, калегу Уладзіміра Тулінава Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў. Уладзімір Максімавіч быў добрым, спагадным, гасцінным чалавекам, клапатлівым мужам і бацькам, таленавітым паэтам і пісьменнікам.
Нарадзіўся Уладзімір Максімавіч ў г. Жытомір (Украіна). Скончыў дзве ВНУ - радыётэхнічны і Ваенны інстытут. Служыў у часцях супрацьракетнай абароны і авіяцыі войскаў СПА. Працаваў няштатным карэспандэнтам газеты Маскоўскай акругі СПА “На боевом посту”. Ва ўзросце 27 гадоў пачаў пісаць вершы і артыкулы, якія друкаваліся ў часопісах “Советский воин”, “Белая Вежа”, “Нёман”, газетах “Советская Беларусь”, “7 дней”. У 2011 годзе выйшла першая кніжка публіцыстычнага характару з назвай «Язык мой - друг мой», зборнік вершаў “Розовый пегас” (2013г.), зборнік публіцыстыкі “Победа одна на всех” (2013г.), зборнік прозы “Восточное направление” (2015г.), «В точку!», “Гвардейцы Гиппократа» (2016г.), «Октябрь – великий и «ужасный» и др. Пісаў вершы, сатырычныя апавяданні, аповесці, кнігі на тэму Вялікай Айчыннай вайны і інш. У лістападзе 2017 года ў Пецярбургу Фондам памяці паэта Ігара Грыгор’ева быў узнагароджаны дыпломам за духоўна-маральныя ідэалы і грамадзянска-патрыятычнае гучанне ў творчасці. У 2017 годзе на Міжнародным конкурсе “Сузор’е духоўнасці” пры падтрымцы Сусветнага форуму духоўнай культуры ўдастоены прэміі ім. Аляксандра Сталярова за духоўнасць і гуманізм твораў апошніх гадоў, а таксама ўзнагароджаны дыпломам 1 ступені ў намінацыі “Лепшая кніга года” за высокую духоўнасць і патрыятызм кнігі «Гвардейцы Гиппократа», якая выйшла ў серыі “Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” ў 2016 годзе. Уладзімір Максімавіч быў ветэранам узброеных сіл СССР, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаікам, публіцыстам, паэтам-песеннікам.
Кіраваў ваенна-мастацкай студыяй пісьменнікаў і літаратурным аб’яднаннем “Доблесць” Цэнтральнага Дома афіцэраў.
На працягу вечарыны гучалі толькі самыя добрыя словы і ўспаміны.
Вольга Багушыньска эмацыянальна дэкламавала вершы са зборніка паэзіі “Розовый пегас” аўтара. Надзея Тулінава паказала слайд-прэзентацыю аб жыццёвым і творчым шляху свайго бацькі, выконвала песні на яго вершы, уключала слухаць песенные кампазіцыі ў выкананні яго сябраў Ізмаіла Капланава і Нэллі Багуслаўскай. Людзі прыходзяць і сыходзяць, пакідаючы на зямлі розны след. Уладзімір Максімавіч пражыў цудоўнае жыццё і пакінуў добрую памяць пра сябе як пра чалавека, як пра таленавітага паэта-песенніка, пісьменніка, публіцыста.
