Белый аист летит…
16.01.2026
12 студзеня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, выдатнага кампазітара, выканаўцы, аранжыроўшчыка, мастацкага кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры», народнага артыста БССР і СССР. Ён не нарадзіўся ў Беларусі, але стаў чалавекам, без якога беларускую музыку ХХ стагоддзя ўявіць немагчыма. Уладзімір Мулявін стварыў і праславіў у свеце самы вядомы ВІА Беларусі і СССР “Песняры”, падарыў новае гучанне старажытным беларускім песням, а дзякуючы таленавітым аўтарскім мелодыям і аранжыроўкам іншых кампазітараў зрабіў знакамітымі вершы беларускіх паэтаў. Памяць пра Уладзіміра Георгіевіча жыве: у Мінску пастаўлены помнік артысту, дзейнічае Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва яго імя, а шлягеры “Песняроў” і сёння гучаць на канцэртных пляцоўках.
Да юбілею выдатнага музычнага дзеяча Беларусі ў бібліятэцы № 4 імя М.В. Гогаля была арганізавана літаратурна-музычная гасцёўня “Белый аист летит…”, на якую былі запрошаны аматары беларускай паэзіі, музыкі і прыхільнікі непасрэдна творчасці У. Мулявіна. Удзельнікам сустрэчы былі прапанаваны цікавыя малавядомыя факты, фота – прэзентацыя, віктарыны, магчымаць паслухаць песні і нават паспяваць самім.

