Паэтычная споведзь сумлення
01.08.2022
«Звычайнае сонца звычайна ўзышло…». Гэты радок нездарма згадваецца ў дзень народзінаў Пімена Панчанкі. 23 жніўня 1917 года нарадзіўся таленавіты хлопчык, які потым стаў Народным паэтам.
А сёлета адзначаецца 105-годдзе з яго дня нараджэння.
Імя Пімена Панчанкі нам знаёмае са школьных падручнікаў па беларускай літаратуры. Каб зрабіць саму асобу паэта больш запамінальнай, расказаць пра адметныя старонкі яго жыццёвага шляху, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі выстаўку «Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…».
28 ліпеня на прэзентацыі выставы ў бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча аўтар праекта Вольга Барысаўна Гулева расказала чытачам і наведвальнікам бібліятэкі аб жыцці і творчасці Пімена Емельянавіча. Цёплыя і натхнёныя словы аб народным паэце казаў пісьменнік, журналіст, заслужаны дзеяч культуры, намеснік дырэктара канала “Культура” Навум Якаўлевіч Гальпяровіч. Паэт, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Анатольевіч Шніп падзяліўся ўспамінамі аб першай сустрэчы з Піменам Панчанка, прачытаў верш, прысвечаны пісьменніку. Чытач бібліятэкі Кацярына Мяшкова расказала аб сваіх ўражаннях аб паэзіі Панчанкі. У яе выкананні прагучалі творы паэта.
Пімен Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне – вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы.
