Прэзентацыя кнігі Міхася Пазнякова “Юным друзьям”
05.05.2026
Цудоўнае свята – прэзентацыя кнігі Міхася Пазнякова “Юным друзьям”- адбылося 28 красавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы для вучняў школ і гімназій г. Мінска і Мінскага раёна.
Добрыя кнігі суцяшаюць, натхняюць і паказваюць шлях. А са старонак кніг самага лепшага сябра нашай бібліятэкі Міхася Пазнякова – вядомага паэта, празаіка, перакладчыка, публіцыста, крытыка і мовазнаўцы, лаўрэата шматлікіх прэмій, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кавалера медаля Францыска Скарыны – шчодра льецца велізарная сіла!
Міхась Паўлавіч Пазнякоў – аўтар звыш дзевяноста дзевяці кніг паэзіі, прозы, літаратуразнаўства, слоўнікаў, перакладаў для дзяцей і дарослых. Яго творы ўключаны ў школьныя падручнікі. Некалькі кніг убачылі свет на рускай, украінскай, казахскай, армянскай, арабскай, калмыцкай мовах за межамі Беларусі. Асобныя творы перакладзены на дваццаць тры мовы свету. На вершы паэта напісана больш за дзвесце песень.
Новы зборнік выбраных твораў Міхася Пазнякова “Юным друзьям” выйшаў у 2026 годзе ў выдавецтве “Кніжны дом” на рускай мове. Зборнік складзены з лепшых апавяданняў, казак, вершаў, хуткагаворак, калыханак, лічылак, смяшынак, загадак, якія друкаваліся раней у кнігах, часопісах і сустракаліся на старонках падручнікаў. А пераклаў усё гэта багаце на рускую мову сам Міхась Паўлавіч. Розныя тэмы кнігі “Юным друзьям” выхоўваюць пачуццё любові да Радзімы, дабрыні і суперажывання, міласэрнасці і высакароднасці, працавітасці і павагі да старэйшых.
Падчас прэзентацыі кнігі Міхась Паўлавіч чытаў свае вершы і даў магчымасць школьнікам праявіць кемлівасць у адгадванні загадак, а таксама прадэманстраваць выразнасць сваёй прамовы, вымаўляючы хуткагаворкі. Усе пераможцы атрымалі ў падарунак кнігу Міхася Пазнякова “Наш сцяг”.
Павітаць юных сяброў і аўтара прыйшоў дырэктар выдавецтва “Кніжны дом”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Кузьмін Сяргей Вільяновіч. Ён звярнуў увагу, што ў кнізе ўжо змешчаны аўтограф і пажаданне чытачам аўтара Міхася Пазнякова.
Вясёлы музычна-песенны інтэрактыў на словы Міхася Пазнякова разам з вучнямі зладзілі таксама сябры бібліятэкі – спявак, кампазітар, акцёр Сяргей Кравец і спявачка, паэт Іна Кравец.
На добры ўспамін аб сустрэчы застануцца фотаздымкі, аўтограф аўтара Міхася Пазнякова і прыемныя эмоцыі.


