Цікавыя канікулы з пісьменнікам Міхасём Пазняковым
15.07.2026
Працягваюцца летнія канікулы, а гэта значыць, у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы для мінскіх вучняў з прышкольнага лагера Савецкага раёна працягваюцца сустрэчы з добрымі кнігамі і цікавымі пісьменнікамі, паэтамі.
У чарговы раз 8 ліпеня да нас завітаў цудоўнейшы чалавек, лепшы сябар бібліятэкі – вядомы паэт, празаік, перакладчык, крытык і мовазнавец, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер медаля Францыска Скарыны, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Міхась Паўлавіч Пазнякоў.
Міхась Пазнякоў – аўтар звыш 120 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, літаратуразнаўства, слоўнікаў і перакладаў для дзяцей і дарослых.
Творы Міхася Паўлавіча для дзяцей уключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі.
Міхась Паўлавіч заўсёды на сустрэчах вядзе з вучнямі шчырую размову аб сваім дзяцінстве, успамінае школьныя гады, цікавыя гісторыі, распавядае пра сяброўства, адказнасць, узаемадапамогу, дзеліцца цікавымі падзеямі, натхнёна распавядае пра нашу Радзіму Беларусь, дае добрыя парады, якія абавязкова кожнаму дапамогуць у жыцці.
Падчас мерапрыемства школьнікі не толькі з задавальненнем слухаюць вершы, разгадваюць аўтарскія загадкі, паўтараюць хуткагаворкі, якія прапануе сам Міхась Пазнякоў, але і самі задаюць аўтару шмат пытанняў. Усе жадаючыя робяць на ўспамін фота з пісьменнікам і атрымліваюць аўтограф. А найбольш актыўных вучняў Міхась Паўлавіч ўзнагароджвае кнігамі.
Такія цёплыя сустрэчы натхняюць і дзяцей, і дарослых!


