Паэтычная вандроўка з Вольгай Паўлючэнка (Норынай)
26.08.2022
25 жніўня ў бібліятэцы № 1 імя Л.М.Талстога адбылася паэтычная вандроўка з вядомай пісьменніцай, журналісткай Вольгай Паўлючэнка (Норынай).
Кожны этап творчасці і асабістага жыцця звязан у яе з пэўным куточкам роднага горада Мінска. Старадаўняя вуліца Няміга, завулак Калініна, вуліцы Чырвонаармейская, Маскоўская і іншыя пакінулі незабыўны след у біяграфіі і творчасці таленавітага аўтара.
Падчас імпрэзы гучалі вершы, успаміны выступоўцы і цікавыя факты мінскай гісторыі. Наведвальнікі-мінчукі (сярод іх вядомы беларускі рэжысёр Алена Турава, прафесар Вольга Сакалова) адразу адчулі атмасферу свайго бесклапотнага дзяцінства.
”Я – гарадская трава” – піша ў адным са сваіх вершаў Вольга Міхайлаўна. Віноўніца свята вельмі ўдзячна кніжніцы за магчымасць перагартаць адметныя старонкі свайго дзяцінства і юнацтва.
Усе прысутныя атрымалі рэдкі шанец зрабіць сумесную вандроўку па вуліцах Мінска 70-80-х гадоў. У мерапрыемстве прыняла ўдзел вядомая паэтэса Лізавета Палеес.
