Ганарымся Радзімай сваёй
01.09.2022
1 верасня супрацоўнікі бібліятэкі № 5 арганізавалі сустрэчу вучняў 7-ых класаў гімназіі № 24 з вядомым беларускім пісьменнікам, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілам Паўлавічам Пазняковым. Ён павіншаваў навучэнцаў з Днём ведаў і параіў ім чытаць мудрыя кнігі, вывучаць гісторыю сваёй краіны, рабіць добрыя справы.
2022 год – Год гістарычнай памяці. Пісьменнік расказваў хлопчыкам і дзяўчынкам аб гераізме і мужнасці нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Ён гаварыў аб тым, што ўсе мы павінны шанаваць сваю Радзіму, павінны памятаць і ведаць сваю гісторыю.
Міхаіл Паўлавіч распавядаў прысутным пра тое, якая прыгожая наша краіна Беларусь і якая багатая ў яе гісторыя. Многія нашы землякі праславіліся на ўвесь свет. Гэта Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі і іншыя. Пісьменнік звярнуў увагу вучняў на тое, што ў гэтым годзе мы адзначаем юбілеі вялікіх беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў завяршыў выступленне цудоўным вершам пра Беларусь, які вельмі спадабаўся навучэнцам і настаўнікам гімназіі.
