поиск в каталоге

стрелочка Шляхам Купалы

admin30.09.2022

28 верасня ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася сустрэча з навучэнцамі Мінскага гандлёвага каледжа, прысвечаная 140-гадоваму юбілею Янкі Купалы.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі аповед пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і інтэрактыўную праграму з элементамі квэста “Шляхам Купалы”.

З цікавымі фактамі жыцця і творчасці песняра ўдзельнікі знаёміліся праз разгадванне крыжаванкі, рэбусаў, шыфраваных тэкстаў. Яны складалі мазаіку і чыталі купалаўскія вершы.

Гартаючы старонкі цудоўных выданняў, прысвечаных Купалу, быццам бы пабылі ў мясцінах, дзе нарадзіўся, жыў і тварыў Пясняр.

Нашы госці пазнаёміліся з роспісам “Свята Івана Купалы” на сцяне ў чытальнай зале і даведаліся, што аўтарам гэтай прыгажосці з’яўляецца мастак Эдуард Рымаровіч.

Творчая спадчына паэта, як той купальскі вянок, кінута нам на шчасце, на прасвятленне, на радасць зямнога раю. Той вянок яго паэзіі трэба захацець вылавіць ў кніжным моры і разгадаць яго чарадзейства. Тады з намі абавязкова адбудзецца дзіва.

“Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай…”