У гасцях у Янкі Купалы і Якуба Коласа
05.12.2022
Са старонак самых першых кніг, прачытаных яшчэ па складах, прыйшлі ў наша жыццё славутыя імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы. Прыйшлі, каб падараваць велізарны свет, напоўнены фарбамі, гукамі, пахам роднай зямлі. Юбілею іх і была прысвечана вечарына “У гасцях у Янкі Купалы і Якуба Коласа”, якая адбылася ў бібліятэцы № 11.
Чытачам і жыхарам мікрараёна Чыжоўка з дапамогай шыкоўнай прэзентацыі, падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі, быў прадстаўлены летапіс жыцця і творчасці юбіляраў. Апладысментамі сустракалі гледачы дзею па матывах неўміручай “Паўлінкі” Янкі Купалы ў выкананні тэатральнага гуртка “Падмосткі”. Гэты калектыў ужо шмат гадоў працуе пры бібліятэцы. А літаратурна-музычная кампазіцыя па “Новай зямлі” Якуба Коласа спадзвігла і многіх прысутных прачытаць з яе ўрыўкі.
Зацікаўлена слухалі ўдзельнікі мерапрыемства загадчыцу навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа Вольгу Наважылаву, якая прадставіла кнігу “Табой я жыў, табой жыву”, у якой распавядаецца аб жонцы пісьменніка Марыі Дзмітраўне.
Паэтэса Вольга Шпакевіч падаравала прысутным вянок вершаў, прысвечаных песнярам.
Святочны настрой стварылі танцавальны гурт “Натхненне” і хор ветэранаў працы МАЗа. Усім да спадобы былі інсталяцыі “О, край родны, край прыгожы” і “Прысмакі ад дзядзькі Якуба”.




