поиск в каталоге

стрелочка Бачу Беларусь такой

admin15.02.2023

Нібыта светлую зару,

          Што прынясе пачатак дня,

          Такой я бачу Беларусь,

          Такой люблю яе штодня…

Навум гальпяровіч

Беларусь… Якое мілагучнае гэтае слова і якая цудоўная наша краіна! Калі ўбачыш гэтую зямлю хоць адзін раз у жыцці – яе не забудзеш. Калі пройдзеш па гэтай зямлі  – палюбіш яе. І ў памяці назаўжды застануцца яе вобразы. Ну, а калі нарадзіўся на гэтай зямлі, то дзе б не знаходзіўся, сэрца будзе ўвесь час клікаць да лясных прастораў і азёрных даляў.

15 лютага ў Центральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя літаратурна-патрыятычнага праекта “Бачу Беларусь такой”.

Нашымі гасцямі былі: першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Расіі, пісьменніца – Алена Анатольеўна Стэльмах;

Вядомы ў Беларусі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, беларускі краязнаўца, фотааматар – Уладзіслаў Станіслававіч Цыдзік;

Намеснік старшыні Мінскага гарадскога Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, пісьменнік – Уладзімір Мінавіч Мазго;

Артыст беларускай эстрады, кампазітар – Яўген Хаменка.

Аб сваёй творчасці распавяла пісьменніца Алена Анатольеўна Стэльмах і прэзентавала кнігі, у якіх яна з’яўляецца ўкладальнікам, “Зачарованы Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма”.

Уладзіслаў Цыдзік распавёў пра кнігу “Бачу Беларусь такой”, а таксама прачытаў свой любімы верш. Кніга была выдадзена на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Асаблівасцю выдання сталі апублікаваныя ў ім вершы таленавітых сучаснікаў, якія чыталі са сцэны студэнты Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа.

Мерапрыемства ўпрыгожыла фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка “Бачу Беларусь такой”. Экспазіцыя ўключае каля 50 работ, якія адлюстроўваюць прыгажосць беларускай прыроды, знаёмяць з унікальнымі мясцінамі, старадаўняй і сучаснай архітэктурай.

Пісьменнік Уладзімір Мінавіч Мазго пазнаёміў слухачоў з сваімі вершамі.

Яркае музычнае выступленне артыста беларускай эстрады, музыканта і кампазітара, Яўгена Хаменка было цёпла прынята гледачамі. Энергетыка і пазітыў артыста перадаліся ўсім гледачам у зале. Сустрэча была вельмі змястоўнай, пазнавальнай, эмацыйнай і цікавай.