поиск в каталоге

стрелочка Трэба зімушку справадзіць, дружна Масленіцу зладзіць!

admin20.02.2023

20 лютага ў Центральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася святочная гасцёўня “Трэба зімушку справадзіць, дружна Масленіцу зладзіць!”

Масленіца – свята провадаў зімы, доўгачаканае і любімае народам, цудоўнае, смачнае, вясёлае, раздольнае. Зычныя гулянні з зімовымі забавамі, песнямі і пляскамі, гульнямі – па душы і дзецям, і дарослым. Нязменны і смачны атрыбут гэтага свята – бліны.

Беларускі народ любіць весялосць, гуляць ад усёй душы. А там, дзе гучыць народная музыка – там і весела, там і душа спявае, і ногі самі ў пляс ідуць. Галоўнае – добры святочны настрой!

На нашай гасцёўні гучала вясёлая народная музыка ў выкананні ўзорна-паказальнага аркестра народных інструментаў “Лістапад” дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №11 г.Мінска” (мастацкі кіраўнік  Лазоўскі М.М.).

Прайшлі стагоддзі, але старажытнае свята Масленіца, Масленка, поўнае жартаў, гульняў, ігрышчаў, карагодаў, не сышло ў нябыт. Яно і цяпер, як вясёлыя провады зімы, асветлена радасным чаканнем блізкага цяпла, вясновага абнаўлення прыроды. Яно і цяпер з’яўляецца калектыўным лекарам – ачышчае нашы душы і вяртае добры настрой.

 Салісты фальклорнага ансамбля “Бліскавіца” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі (мастацкі кіраўнік Мілавідава Г.Б., канцэртмайстар Мароз Я.М.) выконвалі прыгожыя народныя масленічныя песні.

 Цікавым дапаўненнем да мерапрыемства стаў аповед пра традыцыі святкавання Масленіцы ў Беларусі і Расіі. Літаратурная частка гасцёўні – гэта і аповед пра бліны, і “Смачная гісторыя” на літаратурна-блінную тэму, апетая ў рускай класічнай літаратуры. Падчас мерапрыемства прагучалі ўрыўкі з твораў “Евгений Онегин” А.С.Пушкіна, “Мертвые души” М.В.Гогаля, а таксама апавяданне “О бренности” А.П.Чэхава, ўрывак з кнігі І.С.Шмялёва “Лето господне” і іншыя.

 Упрыгожыла гасцёўню кніжна-ілюстрацыйная выстава “Дзе бліны, там і мы!”, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі.