Паэзія свет надзяляе душой…
28.04.2023
У бібліятэцы № 2 імя Н.К. Крупскай прайшла творчая сустрэча з маладым азербайджанскім паэтам Магамедам Гаджыевым, які прадставіў навучэнцам філіяла УА “БДЭУ” “Мінскі гандлёвы каледж” сваю кнігу вершаў “Лісты Магамеда”. У кнігу ўвайшлі вершы аўтара з іх перакладамі на беларускую мову паэтамі Таццянай Сівец, Юліяй Алейчанка, Міколам Шабовічам. Магамед Гаджыеў – член Саюза пісьменнікаў Азербайджана, скончыў “БДЭУ”, доўгі час жыве ў Беларусі. Яго вершы друкаваліся ў газеце “ЛіМ”, а таксама ў часопісе “Маладосць”.
Паэт распавёў аўдыторыі пра сябе, пра свой родны горад, пра тое, што яго хвалюе як паэта і грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. Як і калі адбылося яго першае знаёмства з паэзіяй і хто з літаратараў паўплываў на яго творчасць. Магамед прызнаўся, што ставіцца да слова вельмі беражліва, лічыць паэзію сур’ёзнай справай. Бо пісаць вершы – гэта дар, пасланы небам, які даецца не кожнаму.
У пацверджанне гэтаму гучалі вершы. Магамед чытаў іх на сваёй роднай мове. А каб прысутныя маглі зразумець іх сэнс, задумацца і паразважаць, вершы гучалі і ў перакладзе на беларускую мову. Некаторыя з іх прачыталі самі навучэнцы. Падчас сустрэчы ўзгадалі творы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа. Паколькі ў зале прысутнічалі тыя, хто сам спрабаваў пісаць вершы, Магамед даў вельмі слушную параду: пачынаць вучыцца паэтычнаму майстэрству варта перш за ўсё чытаючы класікаў сваёй літаратуры.
Знаёмства з вершамі Магамеда Гаджыева акрэсліла галоўную тэму яго паэзіі: любоў да чалавецтва, да жыцця. А яшчэ прысутныя ўпэўніліся, што ў азербайджанскай і беларускай паэзіі шмат сугучных тэм, якія аб’ядноўваюць нашы народы. Мы гаворым на розных мовах, але гэта не перашкаджае нам разумець паэтычнае слова, думаць, адчуваць, суперажываць, ствараць на карысць міру і дабра. У канцы сустрэчы Магамед падарыў жадаючым зборнік сваіх вершаў з аўтаргафам і адказаў на пытанні, што цікавілі слухачоў.
На мерапрыемстве прысутнічаў саветнік Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Нізамі Ісаг аглы Рустамаў, які падтрымаў маладога паэта Магамеда Гаджыева, падзякаваў за арганізаванае мерапрыемства і выказаў надзею аб далейшым развіцці беларуска-азербайджанскага літаратурнага супрацоўніцтва.
