Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя!
17.09.2023
17 верасня ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася святочная літаратурна-музычная гасцёўня “Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя!”, прысвечаная Дню народнага адзінства.
Любая Радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная – усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш.
І калі думаеш пра цябе, і калі часам забываешся – ты спрадвеку з намі!
Наша зямля – гэта наша Радзіма. Наша дзяржава. Наша жыццё. Нашы звычкі і песні…Беларусы маюць сваю цікавую і самабытную культуру, свае абрады, свае песні, танцы, фальклор.
Падчас гасцёўні ў выкананні ансамбля цымбалістаў “Беларусачка” навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі (мастацкі кіраўнік, настаўнік класа цымбалістаў Сушчэня Т.М., канцэртмайстар Кіранава В.) прагучалі чароўныя беларускія мелодыі, прыгожыя мілагучныя песні пра Беларусь, класічная музыка, творы вядомых рускіх кампазітараў П.І.Чайкоўскага і С.В.Рахманінава, а таксама незвычайна прыгожае папуры на мелодыі беларускіх песень.
Беларусь! Якая ж гэта прыгожая і жыццядайная зямля і якія цудоўныя людзі жывуць на ёй! Наша краіна – шматнацыянальная. Усе мы, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, разам жывём у міры і згодзе. Мы – адзін народ, адзіная Радзіма!
Мы цікавыя адзін аднаму. І ў гэты раз мы пазнаёмілі наведвальнікаў бібліятэкі з песеннай і музычнай культурай яўрэйскага народа. У святочнай праграме прагучалі яўрэйскія мелодыі і неверагоднай прыгажосці яўрэйскія песні і папулярныя мелодыі народных танцаў.

