Адкрыццё выставы жывапісу “КУПАЛАЎСКІ ВЯНОК”
26.06.2025
“Купалаўскі вянок” – назва выставы, якая пачала сваю работу ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Выстава калектыўнага жывапісу аб’ядноўвае работы каля 20-ці мастакоў — членаў Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Еўразійская Мастацкая Садружнасць”.
19 чэрвеня на адкрыццё выставы сабраліся мастакі – аўтары карцін, а таксама прыхільнікі жывапісу і творчасці Янкі Купалы. Мастакі натхніліся літаратурнай спадчынай класіка беларускай літаратуры, беларускай культуры — Янкі Купалы, яго творчасцю і жыццём, прасторамі і куткамі родных мясцін паэта, а таксама нацыянальнымі беларускімі традыцыямі, паэзіяй і сімволікай свята Купалле. І як вынік гэтага натхнення – выстава калектыўнага жывапісу “Купалаўскі вянок”, якая будзе чакаць сваіх гледачоў да 31 жніўня.
Назва выставы “Купалаўскі вянок” адсылае да выявы вянка. Вянок – як злучная нітка паміж мінулым і сучаснасцю, паміж словам і выявай, паміж фальклорам і сучасным жывапісам. Мастакі раскрываюць тэму праз прызму асабістага ўспрымання. Вобразы, створаныя ў іх працах, пераклікаюцца з творамі Янкі Купалы.
Сучасныя мастакі Беларусі праз сваю творчасць захоўваюць памяць пра Янку Купалу. І выстава жывапісу ў нашай бібліятэцы – гэта каменьчык у падмурак яго ўшанавання.
Выставу можна наведаць з 17 чэрвеня да 31 жніўня па адрасе:
г. Мінск, вул. Веры Харужай, 16.
Час працы: Пн-пт 11-00 да 19-00
Субота 10-00 да 18-00
Нядзеля – выхадны
Уваход вольны



