поиск в каталоге

стрелочка Адкрыццё выставы жывапісу “КУПАЛАЎСКІ ВЯНОК”

admin26.06.2025

“Купалаўскі вянок” – назва выставы, якая пачала сваю работу ў  Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Выстава калектыўнага жывапісу аб’ядноўвае работы каля 20-ці мастакоў — членаў Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Еўразійская Мастацкая Садружнасць”.

19 чэрвеня на адкрыццё выставы сабраліся мастакі – аўтары карцін, а таксама прыхільнікі жывапісу і творчасці Янкі Купалы. Мастакі натхніліся літаратурнай спадчынай класіка беларускай літаратуры, беларускай культуры — Янкі Купалы, яго творчасцю і жыццём, прасторамі і куткамі родных мясцін паэта, а таксама нацыянальнымі беларускімі традыцыямі, паэзіяй і сімволікай свята Купалле. І як вынік гэтага натхнення – выстава калектыўнага жывапісу “Купалаўскі вянок”, якая будзе чакаць сваіх гледачоў да 31 жніўня.

Назва выставы “Купалаўскі вянок” адсылае да выявы вянка. Вянок – як злучная нітка паміж мінулым і сучаснасцю, паміж словам і выявай, паміж фальклорам і сучасным жывапісам. Мастакі раскрываюць тэму праз прызму асабістага ўспрымання. Вобразы, створаныя ў іх працах, пераклікаюцца з творамі Янкі Купалы.

Падчас мерапрыемства мастак, старшыня Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Еўразійская Мастацкая Садружнасць”, куратар выставы жывапісу “Купалаўскі вянок” Алена Баравая прадставіла кожнага мастака і агучыла сюжэт іх карцін. Сакуратар выставы, член Беларускага саюза мастакоў (2024), член Еўразійскага мастацкага саюза, член Міжнароднай гільдыі жывапісцаў Віктар Данілаў правёў цікавую экскурсію па выставе.

Сучасныя мастакі Беларусі праз сваю творчасць захоўваюць памяць пра Янку Купалу. І выстава жывапісу ў нашай бібліятэцы – гэта каменьчык у падмурак яго ўшанавання.