БІБЛІЯНОЧ-2023
21.04.2023
21 красавіка 2021 года Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы далучылася да сацыяльна-культурнай акцыі “БІБЛІЯНОЧ-2023”. Супрацоўнікамі бібліятэкі былападрыхтавана масштабная праграма, прысвечаная беларускім традыцыям. Праходзіла яна пад назвай “Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае”.
На розных пляцоўках нашай бібліятэкі мы паказалі і распавялі аб тым, што аб’ядноўвае нас, беларусаў, як народ. Гэта наша традыцыйная культура, павага да традыцый нашых продкаў, наша гістарычная памяць.
Падчас правядзення Бібліяночы ў залах бібліятэкі праходзілі самыя розныя цікавыя сустрэчы і майстар-класы.
Тэатралізаванае прадстаўленне па паэме Якуба Коласа “Новая зямля” было прапанавана ўвазе наведвальнікаў Бібліяночы студэнтамі Франка-беларускай тэатральнай акадэміі. У іх выкананні прагучалі ўрыўкі са знакамітай паэмы з музычным суправаджэннем.

Сустрэча з аўтарам дзіцячых гісторый Паўлам Гушынцом
Дзеці падчас Біліяночы змаглі пазнаёміцца з пісьменнікам, цудоўным аўтарам дзіцячых гісторый, які мае прафесійнае медыцынскае выхаванне і немалы стаж працы ва ўстановах аховы здароўя, Паўлам Гушынцом. Цікава, з гумарам аўтар распавёў пра сваё жыццё і творчасць, пра тое, як ён стаў пісьменнікам. Сустрэча прайшла ў цёплай, простай атмасферы. Напраканцы адбылася фотасесія, падчас якой усе жадаючыя змаглі сфатаграфавацца з пісьменнікам.

Пальчыкавы тэатр “Пачытай-ка, пагуляй-ка”
Самым маленькім наведвальнікам Бібліяночы і іх бацькам была прапанавана інтэрактыўная праграма з элементамі пальчыкавых гульняў “Пачытай-ка, пагуляй-ка”. Дзеткі далучыліся да цудоўнага свету кнігі і слова праз чытанне вершаў пад музыку і праз пераўвасабленне ў казачных герояў.

Майстар-клас “Чароўны свет беларускай культуры” ад Святланы Мокат
Для маленькіх наведвальнікаў бібліятэкі быў арганізаваны займальны майстар-клас “Чароўны свет беларускай культуры”, падчас якога кіраўнік студыі “Арт-праект “Чароўны пэндзель” Святлана Мокат вучыла дзяцей і іх бацькоў маляваць беларускія ўзоры.

Майстар-клас “Лялька-абярэг”
Лялькі-абярэгі з’яўляліся важным атрыбутам у жыцці беларусаў. Іх рабілі амаль да кожнай важнай падзеі. З дапамогай абярэгаў дзяўчаты шукалі сабе жаніха і чакалі выканання жаданняў, маці адганялі хваробы ад дзяцей, старэйшыя ў родзе жанчыны абаранялі дом ад нячыстай сілы і благога вока. Падчас Бібліяночы жадаючыя змаглі самі паспрабаваць зрабіць ляльку-абярэг і забраць яе дадому.


Творчая сустрэча з тэлевядучым Дзмітрыем Карасём
Творчая сустрэча з тэлевядучым, выканаўчым прадюсерам тэлеканала “Беларусь-3” Дзмітрыем Карасём прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Наведвальнікі бібліятэкі з цікавасцю слухалі аб праектах тэлевядучага, як ужо ажыццяўлёных, так і будучых.


Майстар-клас па саломапляценні “Вучамся плесці разам з Валерыяй Уладамірскай”
Адно з традыцыйных рамёстваў беларусаў – саломапляценне. Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце.
Нашы продкі лічылі яго эквівалентам золата, і маглі выкарыстоўваць яго на раскошным царкоўным убранні, на галоўнай браме іканастаса ў праваслаўным храме.
Сёння вырабы і сувеніры з саломкі асацыююцца з Беларуссю і набылі значэнне НАЦЫЯНАЛЬНАГА БРЭНДА.
Беларускую традыцыю саломапляценне ўключылі ў спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У арганізацыі ЮНЕСКА зазначаюць, што беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных форм выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў.
Гэта пацвярджаюць і ўнікальныя працы, якія былі прадстаўлены ў нас на выставе. Выкананы яны педагогамі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Першамайскага раёна.
Аўтар гэтых работ – народны майстар па саломапляценні, член Беларускага саюза майстроў Уладамірская Валерыя Віктараўна – пераможца рэспубліканскіх конкурсаў і гарадскіх выставак дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастак-педагог, выкладчык выяўленчага мастацтва, чарчэння і народных мастацкіх рамёстваў са спецыялізацыяй саломапляцення і роспіс па дрэве, а таксама аўтар кнігі “Саломапляценне”: Ілюстраваны майстар-клас.
Кругавыя танцы “Беларускі млын”
Усе святы і народныя абрады беларусаў суправаджаліся гульнямі, карагодамі і танцамі. Масавыя народныя танцы нясуць у сабе багацце традыцый нашага народа. Падчас Бібліяночы наведвальнікі бібліятэкі мелі магчымасць таксама дакрануцца да гэтай цудоўнай традыцыі і закруціцца ў карагодзе “беларускага млына” з гульнямі і забавамі.
Прэзентацыя кнігі Алены Мікульчык “Смак беларускай гісторыі” з кулінарным майстар-класам
Алена Мікульчык – пастаянны ўдзельнік нашай акцыі, захавальніца кулінарных традыцый, эксперт беларускай кухні, аўтар кулінарных кніг, гісторык кулінарыі, тэле- і радыёвядучая – прапанавала сваю новую кнігу “Смак беларускай гісторыі”. Тыя, хто прыйшоў на сустрэчу, пераканаліся ў тым, што беларуская кухня была сбалансаванай і карыснай.
Алена расказала аб традыцыях і сучаснасці скрозь прызму кулінарыі. Удзельнікі сустрэчы здзейснілі экскурс у гісторыю, паспрабавалі самую старажытную прысмаку, якую зафіксавалі на гліняных таблічках у 15 стагоддзі да нашай эры.
Усе, хто прыйшоў на майстар-клас, прадэгуставалі старажытны прэсны хлеб, які аб’ядноўваў людзей з адзінымі каштоўнасцямі.
Напрыканцы Бібліяночы прайшоў вячэрні кінасеанс з паказам фільма “Нестерка”, дзе ўсе жадаючыя змаглі сустрэцца з самым яркім і любімым героем беларускага народнага фальклора, які дурыў паноў і абараняў беднякоў.
На працягу Бібліяночы гасцей таксама пацешыла фотазона з прадметамі народнага побыту, дзе ўсе жадаючыя маглі зрабіць здымак на памяць.