поиск в каталоге

стрелочка “Быць бліжэй да чытача”: “Маладосць” & моладзь” – дыялогавая пляцоўка да 70-годдзя з пачатку выдання штомесячнага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Маладосць”

admin13.04.2023

Маладосць – гэта радзіма, маці, парог роднае хаты і падворак каля яе, зарослы пругкім румянкам, на які ўпершыню ступілі твае босыя ногі; малады садок у ружовай кіпені цвету, з гудам пчолаў у кронах і жоўтымі цёплымі сонейкамі малачаю ўнізе, каля самага твару. Гэта высокая і непаўторная паэзія пачатку, якая застаецца з чалавекам на ўсё жыццё і прыходзіць як паратунак у самыя безнадзейныя хвіліны дарослага жыцця. Увогуле, як слушна заўважыў Поль Рыкёр: “Чалавек – гэта істота з доўгім дзяцінствам”. І дзякуй Богу!.. У маладосці перад чалавекам адкрываецца мноства магчымасцяў, адчыненыя ўсе дарогі і будучыня здаецца выдатнай і вабнай. Маладосць – гэта цудоўна!

12 красавіка ў Цэнтральную бібліятэку імя Янкі Купалы завіталі госці, якія працуюць у часопісе “Маладосць”: галоўны рэдактар Вольга Рацэвіч, рэдактар Ксенія Зарэцкая, рэдактар аддзела паэзіі Юлія Алейчанка. У 2023 годзе беларускамоўнаму дзяржаўнаму часопісу мастацкага пісьменства спаўняецца 70 гадоў. Першы нумар “Маладосці” выйшаў з друку ў сярэдзіне красавіка 1953 года. У той час гэта быў адзіны ў Беларусі штомесячны часопіс для моладзі. На старонках “Маладосці” друкаваліся творы Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, Я.Маўра, І.Мележа, І.Шамякіна, В.Быкава, У.Караткевіча і іншых. Выданне адкрыла дарогу да чытача маладым літаратарам: А.Разанаву, Я.Янішчыц, В.Шніпу, М.Мятліцкаму, А.Бадаку, творы якіх з часам увайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры.

Сёння, як і раней, “Маладосць” з’яўляецца аўтарытэтным выданнем маладых літаратараў, якое аб’ядноўвае таленавітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратурных крытыкаў і перакладчыкаў, падтрымлівае сувязь з літаратурнымі аб’яднаннямі моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі.