Быць шчаслівым – зусім не цяжка
28.09.2025
Цудоўным вераснёвым днём у бібліятэцы № 2 імя Н.К. Крупскай адбылася літаратурная сустрэча з паэтам, публіцыстам, перакладчыкам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам газеты “Медыцынскі веснік”… Таццянай Мікалаеўнай Сівец. Першакурснікі УА “Мінскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж” пазнаёміліся з творчасцю пісьменніцы, даведаліся пра асобныя старонкі яе біяграфіі, якія паўплывалі на тэматыку вершаў. Таццяна Мікалаеўна вельмі цікава расказала аўдыторыі пра свае вандроўкі, ажыццяўленне запаветных мар, працу і сустрэчы. Шчыра падзялілася думкай аб тым, што кожнаму чалавеку для асабістага шчасця неабходна знайсці супакой унутры сябе, адчуць свае жаданні, імкнуцца да іх здзяйснення, ствараць, нараджаць штосьці новае і пры гэтым быць у гармоніі з сабою. Пранікнёна і адкрыта гучалі вершы, запрашаючы паразважаць над радкамі, дазваляючы задумацца пра нешта сваё, хвалюючае. А потым у кожнага была магчымасць задаць самае цікавае пытанне і атрымаць у падарунак кнігу пісьменніцы з аўтографам. І многія пытанні ўразілі арыгінальнасцю.
На развітанне наша госця прачытала верш-пажаданне, радок з якога даў назву мерапрыемству, і кожнаму захацелася верыць у добрае, светлае і радаснае.


