поиск в каталоге

стрелочка Да сёмага неба, туды, на вяршыню…

admin10.01.2024

4 студзеня 2024 года беларускаму паэту, перакладчыку, філолагу Міколу Шабовічу споўнілася б 65 гадоў.

Кажуць, Каляды – гэта сямейнае свята. Тады й зразумела, чаму атмасфера светлай радасці і крыху шчымлівай журботы панавала ў мінулую суботу ў пакоях бібліятэкі № 1 імя Л. Талстога. Яшчэ зусім нядаўна ў яе цішы гартаў старонкі любімых часопісаў, марыў, збіраў сваіх таленавітых сяброў яе сталы наведвальнік Мікола Віктаравіч Шабовіч. А да яго і сапраўды, нібы да яскравай дружалюбнай планеты, заўсёды прыцягвалася плеяда роднасных па духу асоб самых розных узростаў. Чыталі вершы, спявалі, жартавалі, будавалі планы ‒ усё, як у адзінай творчай вялікай сям’і.

Прыкладна так, было і ў гэты дзень: у канун Раства сабраліся вядомыя пісьменнікі, кампазітары, былыя калегі і вучні Міколы Шабовіча, аматары яго творчасці. Вось толькі ён сам не гутарыў як бывала, не жартаваў, а ціхутка ўглядаўся з фотаслайдаў з уласцівым яму прышчурам у даверлівыя твары сяброў, а яны чыталі… чыталі… І кожны радок, кожнае слова, выпраменьвалі тое душэўнае святло, якое не заўжды хочацца выстаўляць напаказ у наш супярэчлівы час.

Паэт Анатоль Аўруцін распавёў пра той час, калі так не проста было трапіць у Саюз пісьменнікаў, якое сузор’е  слынных майстроў прыгожага слова адкрыла шлях да прафесійнай літаратурнай дзейнасці маладому тады паэту Мікалаю Шабовічу. І не дзіва, што столькі кранальных вершаў прысвяцілі яму ў гэты дзень Лізавета Палеес, Вольга Шпакевіч, зямляк Аляксандр Быкаў з Мядзела, Ганна Міклашэвіч са Слуцку, Таццяна Цвірко, Вольга Любашына, Кацярына Роўда, Алена Басікірская, Настасся Каротчыкава. Лірычныя і гумарыстычныя творы Мікалая Віктаравіча дэкламавалі Таццяна Кленік  і Святлана Яфрэмава, а вялікая прыхільніца яго паэтычнага таленту Таццяна Плашчынская прачытала “Баладу Міколы Шабовіча”, якую стварыў Віктар Шніп.

Паднялі настрой прысутных жартаўліва-цёплыя ўспаміны былой загадчыцы “Талстоўкі” Надзеі Дзмітрыеўны Корзюк і Лолы Юр’еўны Іназемцавай, якая ўзначальвае бібліятэку зараз.

Па-асобаму пранікліва гучала гітара Таццяны Жылінскай, нібыта выказвала ўсё, што не паспела праспяваць дарагому сябру пры яго жыцці. Неяк па-іншаму ўспрымаліся і даўно знаёмыя відэакліпы на песні “Бацькоўская зямля” (сл. М. Шабовіч, муз. А. Міхальчанкаў) у выкананні Віктара Мяцельскага, “Рэквіем” (пераклад на бел. мову М. Шабовіч) у выкананні аўтара Таццяны Дашкевіч.

Завяршыў жа мерапрыемства, арганізаванае бібліятэкай № 1 імя Л. Талстога і філіялам бібліятэкі № 3 імя У. Маякоўскага сумесна з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтычны рэквіем ад вядучага імпрэзы Міхася Паўлавіча Пазнякова:

Не чутна Дзімкавай гітары,

Шабовіч з ім замоўк да па́ры…

Мятліцкі ўслед і Чарказян

Да райскіх выбылі палян.

Яна Журавей