поиск в каталоге

стрелочка Дзень бібліятэк

admin15.09.2022

15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта дата абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны. У гэты дзень усе бібліятэкі краіны шырока адчыняюць дзверы для сваіх карыстальнікаў.

На працягу дня і ў Цэнтральную бібліятэку імя Янкі Купалы завітала шмат гасцей.

Спачатку прайшла цырымонія прыняцця ў рады бібліятэкараў маладых спецыялістаў. Павіншаваць калектыў і маладых спецыялістаў Дзяржаўнай установы “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г.Мінска” завітала Ясюк Марына Дзмітрыеўна, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

У 13.00 і 14.00 навучэнцы 7-га класа сярэдняй школы № 78  і Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў імя В.Г. Каменскага здзейснілі віртуальнае падарожжа па бібліятэках свету. На працягу сустрэчы супрацоўнікі распавялі пра самую старажытную бібліятэку цара Ашурбаніпала і знакамітую Александрыну – антычную бібліятэку, заснаваную ў Егіпце на пачатку III ст. да н.э., бібліятэку вучонага візіра Персіі Абдул Касім Ісмаіла, якую ён браў з сабой у паход.

Мультымедыйная прэзентацыя дапамагла наведаць сучасныя бібліятэкі ў розных кутках планеты: Публічную бібліятэку Канзас-Сіці ў ЗША; бібліятэку-вігвам Делфтскага тэхнічнага універсітэта ў Нідэрландах; бібліятэку Гейзеля пры Каліфарнійскім універсітэце ў Сан-Дыега (ЗША) і шмат іншых.

Напрыканцы наведвальнікаў бібліятэкі запрасілі паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне “У сузор’і класікаў”.

У 14.00 адбылася літаратурная сустрэча “Вядуць размову двое – Я і КНІГА” з удзелам беларускай пісьменніцы Ганны Чыж-Літаш. Навучэнцы Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа з задавальненнем паслухалі пра творчую дзейнасць  падпалкоўніка, ваеннага журналіста, ТВ-вядучай, члена Саюза пісьменнікаў і блогера, кім з’яўляецца Ганна Чыж-Літаш.

У 15.30 у бібліятэку завітаў ветэран Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рошчына Таццяна Іванаўна з прэзентацыяй “Скарбніца ведаў і культуры”, прымеркаванай да 100-годдзя з часу заснавання бібліятэкі. Таццяна Іванаўна за шматгадовую плённую працу ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Яна была ідэйным натхняльнікам Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў і як сапраўдны лідэр беларускага кнігазнаўства ўзняла гэты навуковы праект на высокі міжнародны ўзровень. Пра сваю багатую прафесійную дзейнасць Таццяна Іванаўна і паведаміла чытачам бібліятэкі.

Святочная праграма завяршылася гасцёўняй “Зачараваныя кнігай”, якую для наведвальнікаў бібліятэкі ў гэты цудоўны восеньскі дзень падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы і фальклорный калектыў “Бліскавіца” (мастацкі кіраўнік Мілавідава Г.Б.) Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі.

Для чытачоў усіх ўзростаў быў разгорнуты караван кніг: выстава рарытэтных выданняў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, выстава папулярнай мастацкай літаратуры “BOOK-сімпатыя”, выстава дзіцячай літаратуры “Улыбнулись книжки – к ним пришли детишки”.