Каляднае святло
11.01.2023
11 студзеня ў нотна-музычнай бібліятэцы адбылося яшчэ адно каляднае мерапрыемства: святочны канцэрт Музычнай капэлы Аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Музыкі Капэлы у складзе скрыпкі, альта, віяланчэлі і вакальнага ансамблю з пяці спевакоў прадставілі багатую праграму ў пяці частках. У суправаджэнні струннага трыо вакалісты праспявалі вядомыя беларускія калядкі “ Неба і зямля”, “Бог нарадзіўся” і іншыя, песні С.Манюшкі “Каляда” і Яна Давіда Голанда “Песня пра іней”. У перакладзе на беларускую мову Максіма Шчура мы пачулі вядомыя калядныя песні розных краін свету “Звон звініць” (“Jingle Bells”), “У гарах трашчаць марозы” (“Nos Galan”), “Вясёлых калядных святаў” (“We Wish You a Merry Christmas”), “Ціхая ноч” (“Silent Night”), а таксама даведаліся пра гісторыю стварэння гэтых калядных шэдэўраў. Наступным нумарам у выкананні струннага трыо прагучала сюіта з беларускіх народных песень ў апрацоўцы альтысткі ансамблю Дыяны Кульбаковай. Потым гледачы даведаліся пра гісторыю стварэння і існавання любімай навагодняй песні дзяцей и дарослых “В лесу родилась ёлочка” и яе стваральніках Раісе Кудашавай і Леанідзе Бекмане и пачулі яе у выкананні вакальнага ансамблю. У канцы свайго выступу музыкі праспявалі песні з вядомых савецкіх кінастужак “А снег идёт” А.Эшпая, “Песенку о хорошем настроении” А.Лепина, “Проснись и пой” Г.Гладкова.
Цікавы канцэрт у майстэрскім прафесійным выкананні быў вельмі цёпла прыняты аматарамі музыкі.

