Канцэртны сезон
31.05.2025
Канцэртны сезон у нотна-музычнай бібліятэцы паціху сыходзіць. Ён быў насычаным і разнастайным. І вельмі знакава, што заканчваецца ён шэрагам струнных квартэтных канцэртаў. Сваім майстэрствам нашых гледачоў і супрацоўнікаў бібліятэкі працягваюць радаваць выхаванцы дацэнта БДАМ Левіцкай Т. С. На гэты раз у праграме былі квартэты Э. В. Карнгольда , А. К. Глазунова і А. П. Барадзіна.
Канцэрт доўжыўся амаль дзве гадзіны, але ніхто з гледачоў не заўважыў яго працягласці. Здавалася, уся глядзельная зала раствараецца ў патоку цудоўнай музыкі, жыве і дыхае ў адным рытме з тым цудам, што адбываецца на сцэне. Геніяльныя мелодыі ўзнікалі спачатку ў віяланчэлі, пераходзілі да скрыпак, а потым да альта. Здавалася, кампазітары даюць магчымасць слухачам адчуць прыгажосць музычнай тэмы ў розных гукавых рэгістрах і розных тэмбрах інструментаў.
І, вядома, скончыўся канцэрт бурнай авацыяй. Апладзіравалі маладым выканаўцам стоячы, доўга дзякавалі за глыбокую эмацыянальную музыку і майстэрства выканання і запрашалі прыходзіць да нас як мага часцей.


