поиск в каталоге

стрелочка Канікулы ў бібліятэцы. Сустрэчы з пісьменнікамі

admin09.06.2026

З надыходам лета сталічная Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы напаўняецца шматлікімі гучнымі дзіцячымі галасамі вучняў з прышкольных лагераў і пераўтвараецца ў прастору, дзе можна адпачыць, сустрэцца з сябрамі і набыць новых, далучыцца да чытання, наведаць шэраг цікавых мерапрыемстваў, творчых сутрэч, з карысцю правесці вольны час.

Сімвалічна, што Міжнародны дзень абароны дзяцей святкуецца ў першы дзень летніх канікул – 1 чэрвеня. Таму ў гэты дзень і на працягу ўсяго лета ў нашу бібліятэку на творчыя сустрэчы са школьнікамі спяшаюцца дзіцячыя пісьменнікі. Гэта значыць, што канікулы пройдуць з добрымі кнігамі. Асабліва цікава, калі гэтыя кнігі прапануе сам аўтар.

1 чэрвеня на сустрэчу з вучнямі завітала аўтар дзіцячых кніг Кацярына Залеская. Яна не толькі дзіцячы пісьменнік, але і стваральнік курса, на якім дапамагае дзецям раскрываць творчы патэнцыял у літаратурным кірунку.
У пісьменніцы выйшла ўжо чатырнаццаць кніг у розных выдавецтвах Беларусі і Расіі. І кожную кнігу аўтара ілюструюць розныя мастакі. Ёсць у пісьменніцы серыя кніг пра Зузачку, аповесць для сярэдняга ўзросту «Большое маленькое лето»,  аповесць «Дневник первоклассницы», мастацка-пазнавальная кніга «Большой весенний альбом»,  «Ромка и Малиновое У», серыя-бэстсэлер «Котовасия» і іншыя. У кнігах Кацярыны Залескай юны чытач знойдзе і вясёлыя прыгоды, і казкі, і гісторыі пра святы, захапляльныя гісторыі пра сяброўства, узаемадапамогу і бязмежную фантазію, а таксама майстар-класы.

Падчас сустрэчы вучні задавалі пытанні, малявалі,  з вялікай ахвотай удзельнічалі ў інтэрактыўных літаратурна-пазнавальных гульнях і дэманстравалі першакласныя веды. 

3 чэрвеня школьнікаў сустракала Тамара Бунта  – дзіцячая пісьменніца, вядомы журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Беларускага саюза жанчын. Тамара Пятроўна Бунта – аўтар сямі кніг для дзяцей – «Белое облачко», «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка», «Чароўны кошык», «Сад з матылькамі», «Далонькі з пушынкамі», «Кто стоит за дверью», «Жыў-быў Кнігавічок». Сярод яе твораў шмат казак і апавяданняў пра жывёл, расліны і цуды. Усе кнігі выдатна ілюстравала мастачка Аксана Аракчэева. З вучнямі аўтар падзялілася сваім вопытам у напісанні апавяданняў. Тамара Бунта піша нявыдуманыя гісторыі пра дзяцей і для дзяцей. А сюжэтамі для кніг становяцца падзеі, якія адбываліся або з ёй ў дзяцінстве, або  з яе дзецьмі, якія ўжо дарослыя, або з ўнукамі. Таксама шмат гісторый пісьменніцы расказваюць дзеці, з якімі яна сустракаецца на мерапрыемствах.

Разам з пісьменніцай вучні зазірнулі на старонкі яе кніг і пазнаёміліся з героямі цікавых гісторый. Праз павучальныя і вясёлыя сітуацыі героі яе кніг вучацца сябраваць, быць спагаднымі, адказнымі і разумець іншых. Таксама Тамара Пятроўна прэзентавала сваю новую кнігу «Жыў-быў Кнігавічок». Аўтар верыць, што Кнігавічок дапаможа сучасным дзецям палюбіць кнігі і прывядзе іх у бібліятэку. Вучням цікава было даведацца, што ў часопісе «Вясёлка» Тамара Бунта ўжо тры гады вядзе рубрыку «Браты нашы меншыя». А яшчэ тры творы пісьменніцы  «Сад з матылькамі», «Лялька», «Далонькі з пушынкамі» можна не толькі пачытаць, але і паслухаць. Агучыла іх на сваім ютуб-канале “Казкі на канапе” наша калега  Людміла Захарэвіч. Кнігі Тамары Бунта і Кацярыны Залескай абавязкова спадабаюцца і дзецям, і бацькам і будуць карысныя для настаўнікаў і выхавацеляў.