Маіх радкоў няма без Беларусі
16.11.2022
Юбілей літаратурнага класіка – гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры, гэта юбілей народа, бо з лёсаў лепшых сыноў айчыны складаецца лёс Бацькаўшчыны.
Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа 15 лістапада ў бібліятэцы №7 прайшоў літаратурны вечар-прысвячэнне “Маіх радкоў няма без Беларусі”.
У якасці ганаровага госця мерапрыемства была запрошана Вера Данілаўна Міцкевіч, унучка знакамітага класіка. Яна прэзентавала кнігу «Табой я жыў, табой жыву…», якая прысвечана жонцы Якуба Коласа – Марыі Дзмітрыеўне Каменскай.
Не змоўкне голас песняра, пакуль ёсць людзі, якія звяртаюцца да яго паэтычнай спадчыны. Аб цікавых фактах з жыцця Якуба Коласа ўсім прысутным распавялі паэты-землякі славутага песняра: Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч, Аляксандр Камароўскі, Васіль Шырко.
Вялікаю асалоду слухачам прынеслі музычныя кампазіцыі, якія выканаў ансамбль цымбалістаў “Музыкі” школы мастацтваў №10 імя Глебава. Вобразна і эмацыянальна прадэкламавалі вершы Якуба Коласа ўдзельнікі паэтычнай студыі “Рытмы сэрца”. Вучаніца сярэдняй школы №134 Вільтоўская Паліна прадставіла пераклад на рускую мову верша Якуба Коласа.
У завяршэннi свята вядучая мерапрыемства Іна Фралова прапанавала віктарыну па жыццю і творчасці Якуба Коласа.
Мерапрыемства, якое адбылося з нагоды юбілею беларускага класіка, стала знакавым і паказала глыбіню і самабытнасць беларускай культуры і мовы.






