поиск в каталоге

стрелочка Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы.

admin02.12.2025

      Зусім хутка – 9 снежня 2025 года – мы будзем адзначаць 134 гады са дня нараджэння аднаго з самых вядомых беларускіх паэтаў, мысляроў, творчасць якога стала вялікім здабыткам беларускай літаратуры, а сам паэт – сімвалам нацыянальнага адраджэння. Хоць і пражыў ён ўсяго 25 год – вельмі кароткі адрэзак часу – а творы яго чытаюцца, вывучаюцца і сёння. Зборнік вершаў “Вянок”, што выйшаў у віленскай друкарні Марціна Кухты – адзіны прыжыццёвы зборнік паэта – у гісторыі нацыянальнай паэзіі лічыцца адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства.
      У бібліятэцы №2 адбылося мерапрыемства, прысвечанае Максіму Багдановічу. Пра яго жыццё, творчасць, што ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа; пра сям’ю паэта і яго сяброў-літаратараў распавяла загадчык філіяла “Беларуская хатка” “Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры” Ала Мікалаеўна Івашкевіч. Слухачамі былі навучэнцы першага курса УА “Мінскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж”. Выязная экскурсія атрымалася жывой, эмацыянальнай, насычанай цікавымі фактамі. Суправаджалася прэзентацыяй, на слайдах якой можна было бачыць партрэты паэта, яго родных, сяброў, фотаздымкі тых месцаў, з якімі былі звязаны асобныя старонкі яго біяграфіі. Ала Мікалаеўна выразна, з захапленнем чытала вершы Максіма Багдановіча, імкнулася крануць паэтычнымі радкамі кожнага, хто прысутнічаў на сустрэчы. Чыталі вершы паэта і навучэнцы. Гучалі песні на вершы Максіма Багдановіча. На выставе кніг, што была падрыхтавана да мерапрыемства, змяшчаліся мастацкія творы Максіма Багдановіча, літаратурна-крытычныя артыкулы і нарысы пра жыццё і творчасць паэта.
        Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі і шчыра падзякавалі за цікавую завочную экскурсію. Ала Мікалаеўна расказала пра музей “Беларуская хатка”, як яго можна наведаць і чым ён цікавы.