Малюнкі родныя і з’явы
02.03.2023
2 сакавіка ў нотна-музычную бібліятэку завіталі добрыя госці – “Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў”. Супрацоўнікі вельмі рыхтаваліся да гэтай сустрэчы, з хваляваннем чакалі гэты дзень і ён атрымаўся эмацыянальным, узрушаным і святочным. Да нас прыехалі выкладчыкі і вучні гэтай навучальнай установы са сваімі карцінамі, музычнымі інструментамі і святочным настроем. Спачатку амаль за паўтары гадзіны ўсе разам размясцілі цудоўную мастацкую выставу “Малюнкі родныя і з’явы”. Больш за 30 творчых работ упрыгожылі памяшканне бібліятэкі. Гэта карціны пра Стаўбцоўскі раён, яго славутасці, легендарны Нёман, краявіды, гісторыю і знакамітых людзей: Царква Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах, Царква Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка, Касцёл Святога Казіміра і Храм Святой Ганны ў Стоўбцах,з’явы Міра, Віцебска, Мінска, пейзажы і мястэчкі, звязаныя з Якубам Коласам і іншыя. Вельмі таленавітая мастачка Шчацько Мілана, тры працы якой увайшлі ў склад выставы, правяла экскурсію па ўсіх работах, распавяла пра мастацкае аддзяленне і гісторыю школы.
Другая частка мерапрыемства – вялікі канцэрт, у якім прынялі удзел каля 15 артыстаў і выкладчыкаў. Беларускія песні і танцы, папулярныя класічныя творы, сучасныя хіты. Скрыпкі, баяны, саксафон і вакал. Глядачамі выступілі вучні другога і чацвёртых класаў сярэдняй школы № 47. Дзеці ўважліва слухалі, падпявалі знаёмыя песні, а больш смелыя і танчылі. Сапраўды свята ў бібліятэцы!

