Мова. Літаратура. Гісторыя. “Бярозка”
18.11.2022
Лістапад. Паўночныя вятры зрываюць з дрэў апошняе лісце. Жоўтае, барвовае, залатое, яно кружыцца ў паветры і падае долу. Восень рыхтуецца да сустрэчы са сцюдзёнай зімой… Нягледзячы на восеньскае халоднае надвор’е, ў бібліятэцы-філіяле № 2 Н.К. Крупскай па-ранейшаму цёпла і ўтульна. Бо тут штомесяц адбываюцца цікавыя сустрэчы, якія знаёмяць нашых наведвальнікаў з новымі імёнамі і беларускімі выданнямі, даюць карысную інфармацыю і проста паляпшаюць настрой.
Вось і зараз на сустрэчу з навучэнцамі філіяла БДЭУ “Мінскі гандлёвы каледж” завіталі супрацоўнікі рэдакцыі беларускамоўнага часопіса для моладзі і падлеткаў “Бярозка” Канановіч Аляксандр Віктаравіч і Пасавец Аліна Іванаўна.
Юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з гісторыяй часопіса, якому больш за 95 год, даведаліся, хто ўзначальваў выданне ў розныя перыяды яго існавання, якія пісьменнікі друкаваліся на яго старонках. Таксама пачулі, з якіх рубрык складаецца “Бярозка”, чым яны адметныя. Безумоўна, зацікавіліся інфармацыяй пра тое, як прадстаўлены часопіс у сеціве. Карысна было даведацца аб тым, што на старонках “Бярозкі” можна прачытаць творы не толькі добра вядомых аўтараў, але і першыя літаратурныя спробы пачаткоўцаў. І кожны, у каго ёсць жаданне і здольнасці, можа скарыстаць такі шанц і даслаць у рэдакцыю свае творы.
Пасля прэзентацыі часопіса прысутныя падзяліліся на каманды і адказалі на пытанні віктарыны, якая была прысвечана гісторыі Беларусі і літаратуры. Калі падлічылі правільныя адказы, выявілася, што юнакі і дзяўчаты з годнасцю прайшлі гэты іспыт. Каманда, якая заняла першае месца, атрымала прыз. А ўзнагародай для ўсіх разам стаў добры настрой і пазітыўныя эмоцыі.
