Музычна-паэтычная вечарына Людмілы Воранавай (Супрун)
22.12.2022
22 снежня ў бібліятэцы № 22 адбылася музычна-паэтычная вечарына Людмілы Воранавай (Супрун). У зале прысутнічалі чытачы бібліятэкі, пастаянныя сябры літаратурнага клуба “Шчырасць”.
Сярод гасцей былі паэткі з Саюза пісьменнікаў Беларусі – Валянціна Драбышэўская, Кацярына Роўда; сцэнарыст і рэжысёр тэатра паэзіі Мінскага гарадскога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Святлана Яфрэмава; чытачка, вялікі аматар беларускай паэзіі Таццяна Плашчынская.
Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, у прывітальным слове назваў Людмілу Воранаву чалавекам шматграннага таленту, якая валодае бязмежным духоўным патэнцыялам, унікальным дарам бачыць, чуць, адчуваць і аналізаваць.
Людміла Віктараўна – паэтка, бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і член Расійскага Саюза пісьменнікаў, педагог, гісторык, культуролаг і філосаф – па адукацыі… Рамантык, паэт і аўтар-выканаўца – па прызванні… Лаўрэат нацыянальнай літаратурнай прэміі Расіі “Поэт года 2014” у намінацыі “Выбор издательства”. Лаўрэат прэміі міністра абароны Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры і мастацтва ў намінацыі “Творы прозы і паэзіі”. Дыпламант інтэрнэт-марафону “Георгиевская ленточка 2015”. Уладальнік алмазнага дзюка ў міжнародным літаратурна-мастацкім шматузроўневым конкурсе імя Дэ Рышэлье сезона 2019 года ў секцыі “Поэзия” за цыкл вершаў і песень “Мы за мир! Спектр проявления миролюбия”. Аўтар зборнікаў вершаў і песень: “Впечатления” (Мінск, 2013 г.), “Проникновенна праведная грусть” (Масква, 2016), “Ментальнасць беларусаў ці Пятая група крыві” (Мінск 2016). Піша кнігі на рускай і беларускай мовах, займаецца перакладамі.
Пра сябе і сваю творчасць Людміла Віктараўна, вядома ж, расказвала цёпла, шчыра, размясціўшы да сябе з першай хвіліны ўсіх прысутных. Гучалі вершы пра малую Радзіму, пра бацькоў, пра вайну, пра жыццё, пра каханне, пра прыроду: “Васількі”, “Беларусь ты мая дарагая”, “Над маёй Радзімай – белыя буслы”, “Мой родны куточак! Мая залаціна!”, “Бацькам”, “Адчуванне зімы” і інш.
На лірычны лад настроілі гасцей песні пад гітару на вершы аўтара.
Шмат цёплых слоў пачула ў гэты дзень Людміла Воранава, адказвала на пытанні. Чытачы бібліятэкі павіншавалі з юбілеем, пажадалі натхнення, поспехаў і далейшага працвітання літаратурнага і музычнага таленту. Сустрэча атрымалася вельмі шчырая і прыемная, вялізнае задавальненне ад яе атрымалі ўсе ўдзельнікі клуба.

