поиск в каталоге

стрелочка Падарожжа ў часе. Мінулае і сённяшні дзень

admin22.12.2025

У бібліятэцы 2 імя Н.К. Крупскай адбылося мерапрыемства “Падарожжа ў часе. Мінулае і сённяшні дзень” – творчая сустрэча з пісьменніцай, перакладчыкам, журналістам… Людмілай Іванаўнай Рублеўскай. На сустрэчы прысутнічалі навучэнцы УА “Мінскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж”.

Зазірнуўшы ў кнігі пісьменніцы, чытач дакранаецца да гісторыі Беларусі, даведваецца пра тых, хто ствараў беларускую літаратуру, стаяў ля яе вытокаў; захапляецца вядомымі і малавядомымі гістарычнымі асобамі, адкрывае для сябе цікавыя факты і падзеі.
Людміла Рублеўская піша і вершы, і прозу.  Апавяданні, аповесці, эсэ па гісторыі беларускай літаратуры, гатычныя раманы, гістарычныя  раманы… У творах можна сустрэць міфы і легенды, якія ўдала спалучаюцца з рэальнасцю. Героі трапляюць у розныя абставіны і перад імі заўсёды паўстае небходнасць выбіраць, як і ў рэальным жыцці. Таму падарожжа ў часе па творах Людмілы Рублеўскай захапляе, трымае ў напружанні, выклікае сапраўдную цікавасць.

Пісьменніца з такім захапленнем расказвала пра галоўных герояў серыі прыгодніцкіх раманаў пра авантуры Пранціша Вырвіча, што ўзнікла неадольнае жаданне ўзяць у рукі кнігу, каб даведацца, што ж адбылося далей!

Які б твор Людмілы Рублеўскай мы не чыталі, заўсёды на першым месцы ў творчасці пісьменніцы любоў да Радзімы. Гэта адчувалася і ў час размовы, калі наша госця дзялілася ўражаннямі ад вандровак па Беларусі і знаёміла з новай кнігай “Пісьменніцкія вандроўкі”.

Атмасфера сустрэчы была прыязнай і адкрытай, што спрыяла жывому дыялогу. Прысутныя цікавіліся творчасцю пісьменніцы, дзяліліся паміж сабой думкамі і ўражаннямі. Сустрэча стала выдатнай магчымасцю для навучэнцаў паслухаць прыгожую літаратурную мову, больш даведацца пра свет літаратуры, сучасных беларускіх аўтараў, адкрыць для сябе новыя тэмы, сюжэты і звярнуцца да пэўных твораў. А яшчэ, здзейсніўшы неверагоднае падарожжа ў часе, паглядзець па-іншаму на сённяшні дзень.