Паэзіі чароўныя радкі
31.10.2023
31 кастрычніка ў бібліятэцы № 22 на базе літаратурнага аб’яднання “Шчырасць” адбылася сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсай Алінай Легастаевай.
Напачатку ўзяў слова Пазнякоў Міхась Паўлавіч – паэт, празаік, перакладчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, які распавёў пра Аліну Легастаеву. Прадставіў яе як чалавека і паэта, талент якога зліты разам. Паэзія для яе – стан душы, дзіўнатонкай, шчырай, светлай, добрай.
Аліна Анатольеўна прэзентавала сваю новую кнігу вершаў “Надеюсь и верю” адзін экзэмпляр якой яна падарыла бібліятэцы. Яе вершы – цёплыя, шчырыя, крыху настальгічныя, але такія зразумелыя ўсёй аўдыторыі разам і кожнаму паасобку: аб сутнасці жыцця, асэнсаванне падзей часу і пачуццяў ва ўсёй глыбіні чалавечых адносін, глыбокам патрыятызме. Яны ўсе розныя. На рускай і беларускай мовах у паэтэсы выйшла 7 зборнікаў.
Міхась Паўлавіч прадставіў сваю новую кнігу прозы “Голас” якую склалі аповесці, апавяданні, абразкі і эсэ. У аснову большасці твораў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял, жыццё блізкіх людзей, незабыўныя сустрэчы на жыццёвых дарогах.
Кампазітар і спявак Аляксандр Страцэўскі цудоўна выканаў пад гітару некалькі песень на словы Міхася Пазнякова, Валянціны Паліканінай, Міколы Шабовіча і свае.
Госці вечарыны задавалі шмат цікавых пытанняў, атрымлівалі шчырыя адказы і выказалі словы шчырай падзякі за чароўны вечар.


